Францыя абвінаваціла Расею ў спробе перахапіць спадарожнікавыя дадзеныя

Міністарка абароны Францыі Фляранс Парлі

Расея спрабавала перахапіць зашыфраваныя дадзеныя з вайсковага француска-італьянскага спадарожніка, які выкарыстоўваецца войскамі абедзьвюх краін для бясьпечнай сувязі. Пра гэта ў пятніцу заявіла міністарка абароны Францыі Фляранс Парлі, перадае Reuters.

Паводле яе, інцыдэнт адбыўся ў мінулым годзе. Тады на вышыні 36 тысяч кілямэтраў расейскі спадарожнік радыёэлектроннай сувязі «Луч-Олимп» падышоў да спадарожніка Athena-Fidus занадта блізка, паведаміла кіраўніца францускага вайсковага ведамства.

Яна сказала, што «спроба слухаць суседзяў ня толькі несяброўская, але і зьяўляецца актам шпіянажу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон: Пуцін марыць пра развал Эўразьвязу

Раней у ЗША заяўлялі пра «анамальныя» паводзіны расейскага спадарожніка-інспэктара. Апараты такога тыпу здольныя манэўраваць на арбіце, каб збліжацца зь іншымі спадарожнікамі і атрымліваць інфармацыю пра іх. Пра гэта казала памочніца дзяржсакратара ЗША па кантролі над узбраеньнямі Ілэм Поблэт. Як паведамляла Міністэрства абароны Расеі, апарат «Луч-Олимп» быў запушчаны ў кастрычніку 2017 году.