Турэцкі кінарэжысэр Алі Аўчы асуджаны ў пятніцу за прапаганду тэрарызму. Прычынай стаў ягоны мастацкі фільм «Абуджэньне», які распавядае пра забойства прэзыдэнта Рэджэпа Таіпа Эрдаган і членаў яго сям’і падчас дзяржаўнага перавароту. Пра гэта паведамляе Reuters.
Ягоная кінастужка зробленая паводле матываў путчу, які праваліўся ў 2016 годзе і падчас якога загінула больш за 250 чалавек. Паводле сюжэту, афіцэр страляе Эрдагану ў патыліцу, калі той моліцца, гіне ўся сямʼя кіраўніка дзяржавы, у тым ліку ягоны зяць — міністар фінансаў. Аўчы быў арыштаваны летась, адразу пасьля выхаду трэйлера да ягонай кінастужкі.
Стамбульскі суд прысудзіў Аўчы шэсьць гадоў і тры месяцы турэмнага зьняволеньня за супрацоўніцтва з групай ісламскага прапаведніка Фэтхулаха Гюлена. Турцыя лічыць сетку ягоных прыхільнікаў тэрарыстычнай арганізацыяй, якая стаяла за няўдалым пераваротам. Гюлен, які жыве ў ЗША, адкідае абвінавачваньні Анкары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казлы адпушчэньня. Аўтарытарныя рэжымы шукаюць вінаватых у сваіх памылкахНа думку суду, з дапамогай свайго фільма Аўчы спрабаваў распаўсюджваць у грамадзтве ідэі «тэрарыстычнай арганізацыі». Падсудны адхіліў абвінавачваньні, спаслаўшыся на тое, што сам Эрдаган неаднаразова называў сябе цэльлю путчыстаў. У сваё апраўданьне ён сказаў, што калі б хацеў займацца прапагандай тэрарызму, паказаў бы, што Эрдаган уцёк з краіны, а ня быў забіты.
Зь вечара 15 па раніцу 16 ліпеня 2016 году група турэцкіх вайскоўцаў, спрабуючы зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот, узяла пад свой кантроль некаторыя стратэгічна важныя абʼекты ў Анкары, Стамбуле і яшчэ некалькіх гарадах. Эрдаган, аднак, у выніку здолеў захаваць уладу. Паводле падазрэньня ў дачыненьні да перавароту былі арыштаваныя каля 50 тысяч чалавек, а 150 тысяч дзяржаўных службоўцаў, уключна з настаўнікамі, судзьдзямі і салдатамі, былі часова адхіленыя ад працы альбо звольненыя.