Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла 6 верасьня ў другім чытаньні і ў цэлым законапраект, які ўраўноўвае правы і магчымасьці жанчын і мужчын ва Ўзброеных сілах і іншых вайсковых фармаваньнях Украіны.
Як паведамляе «Ўкраінская праўда», адпаведнае рашэньне падтрымалі 247 народных дэпутатаў.
Закон замацоўвае прынцып, паводле якога жанчыны павінны праходзіць вайсковую службу на роўных падставах з мужчынамі (акрамя выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам аб ахове мацярынства і дзяцінства).
Закон прадугледжвае, што жанчыны-вайскоўцы будуць мець роўны доступ да пасадаў і вайсковых званьняў ды роўны аб’ём адказнасьці.
Пасьля прыняцьця законапраекту ўраўноўваюцца магчымыя тэрміны заключэньня кантракту для жанчын і мужчын. Гэта азначае, што жанчыны змогуць даслужыцца да вышэйшых афіцэрскіх пасадаў.
Сёньня ва Ўкраіне служаць каля 2 тысяч жанчын-афіцэраў і максымальны кар’ерны рост, на які яны могуць разьлічваць — гэта званьне падпалкоўніка.