У Беларусі заснавалі першую літаратурную прэмію для чытачоў

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Беларускае прыватнае выдавецтва «Янушкевіч» абвясьціла пра заснаваньне новай літаратурнай прэміі — для чытачоў. Умовы яе простыя: трэба напісаць водгук на сваю любімую беларускую кнігу. Пераможца атрымае грашовы прыз.

Галоўным крытэрам для вызначэньня пераможцы будзе не навуковы разбор твору, не нашпігаванасьць складанымі тэрмінамі і не аб’ём водгуку, а разуменьне твору і шчырасьць выказваньня.

«Самае важнае для нас — зразумець, што чытач пранікся творам да самых глыбінь, прапусьціў яго празь сябе як штосьці роднае і жывое. Водгук — гэта „крык душы“, уражаньні, эмоцыі і высновы, якімі чытач ня мог не падзяліцца з навакольным сьветам», — пішуць арганізатары прэміі.

Удзельнічаць могуць водгукі на кнігі розных выдавецтваў, ня толькі «Янушкевіча». Сума прэміяльных — 321 беларускі рубель.

Умовы вылучэньня на Чытацкую прэмію:

  1. Прымаюцца водгукі на кнігі на беларускай мове, выдадзеныя ў 2017–2018 годзе.
  2. Водгукі могуць быць апублікаваныя на любых публічных рэсурсах — на сайтах выдавецтваў (januskevic.by, halijafy.by, lohvinau.by і інш.), у чытацкіх супольнасьцях Livelib, Goodreads, у сацыяльных сетках, СМІ, на інтэрнэт-парталах, у блогах і г.д.
  3. Водгукі павінны быць апублікаваныя пасьля 1 верасьня гэтага году. Канец прыёму заявак — 24 сьнежня 2018 году.
  4. Удзел «прафэсіяналаў ад літаратуры» не дапускаецца. Гэта значыць, пісьменьнікі, крытыкі, літаратуразнаўцы ня могуць браць удзел.
  5. На адрас premija321@gmail.com дашліце лінк (спасылку) на свой водгук альбо яго скан (калі ён быў надрукаваны).

Будзе ўлічвацца колькасьць і якасьць рэакцый на водгукі, так што лепей іх публікаваць там, дзе яны чытаюцца, адзначылі арганізатары.