Акторка Арнэла Муці кажа, што хоча расейскае грамадзянства

Арнэла Муці

Італьянская акторка Арнэла Муці заявіла аб жаданьні атрымаць расейскае грамадзянства. «У мяне ёсьць плошча ў Расеі, я прапісаная ў Маскве. Але грамадзянства, расейскага пашпарта ў мяне няма. Мець расейскае грамадзянства, вядома, я хацела б, чаму не?» — цытуе акторку агенцтва ТАСС.

Муці выступіла з такой заявай напярэдадні. Яна прыехала ў Маскву для ўдзелу ў балеце «Крыштальны палац», які заплянаваны на 10 верасьня ў Крамлёўскім палацы. Акторка адзначыла, што яе «дзядуля быў мэдыкам пры цары, а бабуля была піяністкай». «Магчыма, менавіта праз расейскія карані наша сям’я такая артыстычная», — заявіла Муці.

Муці 63 гады. У 2010 годзе актрыса наведвала дабрачынную вячэру ў Санкт-Пецярбургу разам з Уладзімірам Пуціным, які тады займаў пасаду кіраўніка ўраду Расеі. Дзеля гэтай сустрэчы акторка падрабіла бальнічны, каб прапусьціць спэктакль, у якім яна гуляла галоўную ролю.

У Італіі за падробку дакумэнтаў акторку прысудзілі да васьмі месяцаў пазбаўленьня волі, аднак потым зьмякчылі пакараньне да ўмоўнага тэрміну.