Макрон: Пуцін марыць пра развал Эўразьвязу

Эманюэль Макрон і Ўладзімір Пуцін на Міжнародным эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу, травень 2018

Прэзыдэнт Францыі Эмманюэль Макрон у інтэрвію швэдзкаму тэлеканалу SVT заявіў, што паважае расейскага прэзыдэнта, але, паводле яго слоў, Уладзімір Пуцін марыць пра развал Эўрапейскага Зьвязу.

Пра гэта паведамляе радыё France International.

«Я часта маю зносіны з Уладзімірам Пуціным, і я яго вельмі паважаю. Але Расея — не прыклад для перайманьня ў пытаньнях правоў чалавека, і я думаю, што яна не прыклад для швэдаў. І калі ў вас будуць праблемы і складанасьці — яны будуць ня з Францыяй. Мы не захоплівалі суседнюю краіну. Я паважаю Ўладзіміра Пуціна і я лічу, што нам трэба пабудаваць новую сыстэму абароны сумесна з Расеяй. Трэба казаць пра гэта з Расеяй. Але мара Ўладзіміра Пуціна — развал Эўрапейскага Зьвязу,» — сказаў францускі прэзыдэнт.

На гэтую заяву адрэагавалі ў Крамлі. Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Масква зацікаўленая ў тым, каб прастора Эўразьвязу было «квітнеючай, прадказальнай і стабільнай», і што Расея працягвае разьвіваць двухбаковыя адносіны з краінамі-чальцамі ЭЗ. Пяскоў дадаў, што ў Маскве са шкадаваньнем канстатуюць, што адносіны паміж Расеяй і ЭЗ знаходзяцца ў «замарожаным стане», але гэта адбываецца «не па ініцыятыве Расеі».

Расейскае агенцтва РБК ​паведамляе, што адказваючы на пытаньне пра магчымасьць выхаду Швэцыі з ЭЗ, Макрон падкрэсьліў, што не бачыць будучыні гэтай краіны па-за эўрапейскай сыстэмай каштоўнасьцяў. Вядучая праграмы распавяла прэзыдэнту Францыі пра інцыдэнт на швэдзкім радыё, калі лідэру партыі «Швэдзкія дэмакраты» прапанавалі зрабіць выбар паміж Пуціным і Макронам. Палітык адмовіўся назваць лідэра, якога ён бы абраў у якасьці арыентыру.

«Я думаю гэта кажа шмат пра што. Гэта значыць, што гэты лідэр не ведае тое, у якім парадку павінны ісьці каштоўнасьці і палітычныя інтарэсы. Гэта сьведчыць аб тым, што гэты чалавек ня можа правесьці адрозьненьне паміж такой краінай як Францыя, — краінай, якая паважае правы чалавека, чальцом ЭЗ, — і лідэрам краіны, не настолькі разьвітай у пытаньні правоў чалавека. Расея ня можа стаць узорам для Швэцыі», — сказаў Макрон.

Апошнія рэзкія заявы Макрона на адрас Расеі сталі для многіх нечаканасьцю. Яшчэ некалькі дзён таму ён казаў пра неабходнасьць перазагрузкі адносін з Расеяй.

«Я мяркую, што нам неабходна поўнае абнаўленьне адносін з Расеяй, якія склаліся ў канцы халоднай вайны» — казаў Макрон у Хэльсінкі. Прэзыдэнт Францыі падкрэсьліў тады, што памылкі ці непаразуменьне былі як з аднаго, так і з другога боку. Адной з умоў перазагрузкі Макрон назваў вырашэньне ўкраінскага канфлікту.

А тыдзень таму, выступаючы перад францускімі пасламі, Макрон прылічыў Расею да «эўрапейскіх партнэраў» Францыі. Ён заклікаў «зрабіць высновы з заканчэньня халоднай вайны» і «перагледзець эўрапейскую архітэктуру абароны і бясьпекі». Па словах Макрона, Расея павінна стаць удзельніцай новага дыялёгу аб кібэрбясьпецы, аб хімічнай і канвэнцыйнай зброі, аб тэрытарыяльных канфліктах і аб касьмічнай бясьпецы.

У апошні раз прэзыдэнты Францыі і Расеі сустракаліся ў ліпені на фінале чэмпіянату сьвету па футболе ў Расеі. А 10 жніўня Эманюэль Макрон правёў тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным і прапанаваў знайсьці «тэрміновае гуманітарнае рашэньне» для выратаваньня ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, які працягвае галадоўку ў расейскай турме.