У Расеі разьвітваюцца са сьпеваком і палітыкам Ёсіфам Кабзонам 

Выканаўца патрыятычных песень Ёсіф Кабзон

У Маскве разьвітваюцца з народным артыстам СССР Ёсіфам Кабзонам. Ён памёр 30 жніўня ва ўзросьце 80 гадоў ад анкалягічнага захворваньня.

Як паведамляюць расейскія СМІ, у канцэртную залю імя Пятра Чайкоўскага стаіць чарга з прыхільнікаў творчасьці сьпевака. Ён будзе пахаваны побач з маці на маскоўскіх Вастракоўскіх могілках.

Кабзон вядомы як выканаўца патрыятычных савецкіх і расейскіх песень, зь якімі ён быў пастаянным удзельнікам крамлёўскіх канцэртаў, а таксама наведваўся ў Менск, на віцебскі «Славянскі базар», магілёўскі «Залаты шлягер» ды іншыя імпрэзы падобнага кшталту.

Ёсіф Кабзон ухваляў палітыку Ўладзіміра Пуціна адносна Ўкраіны

Яшчэ за савецкім часам Ёсіф Кабзон стаў дэпутатам Вярхоўнага савету СССР, а потым працягнуў дэпутацкую кадэнцыю ў Дзяржаўнай думе Расеі.

У сакавіку 2014 году разам зь іншымі дзеячамі культуры падпісаў зварот у падтрымку палітыкі прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна адносна Крыму. Пасьля пачатку ваеннай кампаніі на Данбасе неаднаразова прыяжджаў у самаабвешчаныя Данецкую і Луганскую народныя рэспублікі, публічна выказваўся ў падтрымку сэпаратыстаў.

Некалькі гадоў таму ў цэнтры Данецку быў усталяваны помнік Кабзону, нараджэнцу савецкай Украіны. А 31 жніўня падчас памінак па «сябру» у данецкім рэстаране «Сэпар» быў падарваны лідэр тамтэйшых сэпаратыстаў Аляксандар Захарчанка.

Эўразьвяз, ЗША, Канада і Ўкраіна ўключылі Ёсіфа Кабзона ў санкцыйныя сьпісы, забараніўшы яму ўезд у гэтыя краіны. Дагэтуль ён ужо быў неўязным ў ЗША праз падозраньні ў сувязі з расейскай мафіяй.