2 верасьня ў Янаве на Берасьцейшчыне пройдуць імпрэзы, прымеркаваныя да юбілейнага, 25-га Дня беларускага пісьменства. Фінансаваньне падзеі адбываецца зь дзяржаўнага бюджэту, яна носіць афіцыйны характар.
«Гэтае сьвята — знакавая падзея ў культурным жыцьці краіны, сьведчаньне красы і сілы беларускай мовы, духоўных традыцый нашага народа, — адзначаецца ў звароце Аляксандра Лукашэнкі да ўдзельнікаў урачыстасьцяў, тэкст якога па-расейску і беларуску зьмешчаны на сайце БелТА. — Продкі пакінулі нам неацэнны скарб — родную мову, выдатнымі ўзорамі якой зьяўляюцца творы Францішка Багушэвіча і Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Уладзімера Караткевіча і Івана Мележа. Зьберагаючы іх спадчыну, сёньняшняе пакаленьне ўмацоўвае сувэрэнітэт і незалежнасьць Радзімы».
Асабісты ўдзел кіраўніка краіны ў янаўскай імпрэзе не анансуецца.
Дзень беларускага пісьменства заснаваны ў 1994 годзе і адзначаецца ў першую нядзелю верасьня. Летась сталіцай урачыстасьцяў быў старажытны Полацак.