У адміністрацыі Лукашэнкі і «райсабесе» адказалі на пытаньне пра ягоную пэнсію

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка

Пэнсія Аляксандра Лукашэнкі магла б складаць 3000 рублёў, але дакладна не вядома, ці аформіў ён яе.

31 жніўня Аляксандру Лукашэнку споўнілася 64 гады, фармальна ўжо 4 гады ён можа атрымліваць пэнсію паводле ўзросту. Ці карыстаецца ён гэтым правам і якую атрымлівае пэнсію, Свабода спытала ў прэсавага сакратара Аляксандра Лукашэнкі Натальлі Эйсмант і ў Вольгі Белабровік, кіраўніцы ўпраўленьня сацыяльнай абароны адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску, дзе ён прапісаны.

Эйсмант: Гэта асабістая справа прэзыдэнта

«Магу сказаць, што ў дадзены момант Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца на працы, а што да ягонай пэнсіі — нічога пра гэта ня ведаю, ніколі гэтым не цікавілася, таму без камэнтару. Так, гэта цалкам нармальнае пытаньне, але гэта асабістая справа прэзыдэнта, таму і я не пыталася раней», — сказала Натальля Эйсмант і паабяцала паспрабаваць задаць Аляксандру Лукашэнку пытаньне пра ягоную пэнсію.

Але пакуль адказу ад самога Аляксандра Лукашэнкі няма.

«Райсабес»: Гэта кажуць асабіста грамадзяніну

Ці атрымлівае Аляксандар Лукашэнка пэнсію, павінны ведаць у «райсабесе» па месцы ягонай прапіскі. Афіцыйных зьвестак пра тое, дзе прапісаны Аляксандар Лукашэнка, у адкрытым доступе няма. Між тым вядома, што галасуе ён на выбарах на ўчастку № 1 Цэнтральнага раёну Менску.

Начальніца ўправы сацыяльнай абароны адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску Вольга Белабровік у размове са Свабодай прызнала, што Аляксандар Лукашэнка прапісаны ў іхнім раёне, але зьвестак наконт ягонай пэнсіі не паведаміла.

— Я не кампэтэнтная ў гэтым, гэтую інфармацыю я даваць ня буду.

— А ён жа прапісаны ў вашым раёне?

— Ну і што? Можа сёньня атрымліваць пэнсію ў іншым раёне. Чалавек мае права атрымліваць пэнсію там, дзе хоча.

— Дык ад яго такой заявы не было, ці вы яму плаціце пэнсію?

— Я вам гэтага сказаць не магу, гэта кажуць асабіста грамадзяніну, — сказала Вольга Белабровік і паклала слухаўку.

Пэнсія Лукашэнкі магла б складаць 3000 рублёў, — экспэрт

Аляксандар Сасноў, які ў складзе першага ўраду Аляксандра Лукашэнкі 2 гады быў міністрам працы, дакладна ня ведае, ці аформіў той пэнсію, але мяркуе, што не:

Аляксандар Сасноў

«Навошта яму пэнсія, ён жа жыве за дзяржаўны кошт».

Паводле Аляксандра Саснова, у Аляксандра Лукашэнкі як дзяржаўнага служачага зь ліку першых дзяржаўных асоб можа быць вельмі вялікая па беларускіх мерках пэнсія:

«Мяркую, была б недзе тысячы паўтары даляраў як мінімум, або 3000 рублёў. Дакладна ведаю, што пры Лукашэнку быў прыняты дакумэнт, указ ці дэкрэт, у якім прапісана, як будуць утрымлівацца на пэнсіі тыя, хто займаў вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Там вялікія памеры прадугледжаныя. Памятаю, што ў 1995 годзе ён адмяніў той парадак налічэньня пэнсій для кіраўнікоў, які быў да яго, і казаў пры гэтым, што во, панахапалі сабе, а потым ціха ўвёў усё тое самае і нават значна большае. Усіх дэпутатаў Вярхоўнага Савету, якія яго не падтрымалі, ён з адмысловага сьпісу на вялікія пэнсіі выключыў, а ўсіх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — уключыў туды».

Пэнсія ў былога міністра і апазыцыйнага дэпутата — 470 рублёў

Паводле Аляксандра Саснова, сам ён атрымлівае невялікую пэнсію.

«У мяне звычайная пэнсія па ўзросьце, каля 470 рублёў. Але дзякуючы таму, што былі добрыя заробкі, як выходзіў на пэнсію, і вялікі стаж, дык столькі налічылі».

Паводле Аляксандра Саснова, былыя кіраўнікі вышэйшага ўзроўню пры Лукашэнку атрымліваюць ня пэнсіі, а грашовае ўтрыманьне.

Шушкевічу і Грыбу за тое, што былі кіраўнікамі Беларусі, налічваюць капейкі

​Станіслаў Шушкевіч і Мечыслаў Грыб, якія ў 1991–1994 гадах займалі пасаду старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі, калі яшчэ не было прэзыдэнцкай пасады, лічыліся кіраўнікамі беларускай дзяржавы.

Станіслаў Шушкевіч

Пэнсія як для былых кіраўнікоў дзяржавы для іх мізэрная — менш за адзін даляр.

У 1997 годзе Аляксандар Лукашэнка адмяніў пастанову Вярхоўнага Савету, якая гарантавала былому кіраўніку парлямэнту і былому прэм’ер-міністру пажыцьцёвае матэрыяльнае забесьпячэньне ў памеры 75% ад акладу дзейных чыноўнікаў такога ж рангу. Такім чынам, Станіславу Шушкевічу, а таксама Георгію Таразевічу, Сямёну Шарэцкаму, Мечыславу Грыбу і Міхаілу Чыгіру памер пэнсіі быў пакінуты такі, які быў на час падпісаньня дэкрэту. Паводле стану на 1997 год сума крыху перавышала 3 мільёны рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шушкевіч атрымаў «чалавечую» пэнсію — упершыню пасьля 1997 году

Аднак ужо праз два гады ў выніку чарговай дэнамінацыі ад тых мільёнаў засталіся ўсяго 3200 рублёў. І калі іншыя фігуранты гэтага сьпісу свае фінансавыя праблемы так ці інакш вырашылі, то пэнсія Станіслава Шушкевіча «замарозілася» на ранейшым узроўні і на момант перагляду складала меней за 20 цэнтаў у эквіваленце.

Станіслаў Шушкевіч спрабаваў дамагчыся сапраўднай пэнсіі ў судзе Маскоўскага раёну Менску, але прайграў пазоў.

У 2015 годзе Шушкевіч перайшоў на пэнсію па ўзросьце, яна склала каля 200 даляраў.

Мечыслаў Грыб атрымлівае пэнсію не як кіраўнік дзяржавы, а як былы кіроўны супрацоўнік органаў унутраных спраў у званьні генэрал-лейтэнанта міліцыі, яна складае каля 1000 рублёў.

Мечыслаў Грыб

«Я мог атрымліваць пэнсію як старшыня Вярхоўнага Савету, і яна мне налічаецца, але не індэксуецца. Таму там нейкія капейкі. Як гэтак атрымалася? Быў дакумэнт пра асабістыя пэнсіі для кіраўнікоў Вярхоўнага Савету і ўраду. Там быў я, быў Станіслаў Шушкевіч, Сямён Шарэцкі, яшчэ былі Мікалай Дземянцей, Міхаіл Чыгір ды іншыя. Алеі ў канцы 1997 году Лукашэнка выдаў указ аб пэнсіях за асобыя заслугі перад Беларусьсю, у які ўключыў Дземянцея, Палякова, Сакалова, Аксёнава і Кебіча. А іншых туды не ўключыў, мы засталіся ў ранейшым сьпісе на пэрсанальныя пэнсіі, якія ня сталі індэксаваць. Вось гэтак і аказалася, што налічваюць капейкі».

Пэнсія для экс-прэзыдэнтаў прадугледжаная, але такіх у Беларусі няма

Паводле Мечыслава Грыба, ва ўказе, якім Аляксандар Лукашэнка вызначыў памер грашовага ўтрыманьня для экс-прэзыдэнта, запісана, што за былым прэзыдэнтам застаецца 75% ад ягонага заробку, калі ён адпрацаваў на пасадзе ня меней за 5 гадоў.

Мечыслаў Грыб мяркуе, што Аляксандар Лукашэнка пэнсіі не афармляў.

«Зь ягонымі амаль 25 гадамі прэзыдэнцкага стажу яму могуць пакінуць і болей, чым 75%, але ня думаю, што ён аформіў сабе пэнсію. Навошта гэта Аляксандру Рыгоравічу? У яго і так суцэльны камунізм ва ўтрыманьні».