Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп лічыць, што дэмакраты «гвалтоўна» перапыняць яго палітычны курс, калі перамогуць на прамежкавых выбарах у лістападзе.
Пра гэта ён сказаў падчас выступу перад лідэрамі эвангелістаў.
«Дэмакраты скасуюць усё, што мы зрабілі, і зробяць гэта хутка і гвалтоўна. Яны скончаць з усім неадкладна», — заявіў Трамп.
На яго думку, ад «левага» флянгу, да якога кіраўнік дзяржавы аднёс і антыфашыстаў, зыходзіць пагроза «гвалту». Ён назваў гэтыя выбары «рэфэрэндумам» у пытаньнях свабоды слова і рэлігіі.
Прэзыдэнт ЗША сказаў, што хрысьціянскія групы павінны галасаваць за рэспубліканцаў, каб ня «страціць усё». Амэрыканскі лідэр заклікаў эвангелістаў выкарыстоўваць сваю «велічэзную сілу» для ўплыву на сотні мільёнаў выбаршчыкаў.
У мінулым годзе Трамп раскрытыкаваў «левыя групы» пасьля таго, як нацыяналіст забіў дэманстранта левых поглядаў падчас нацыяналістычнай маніфэстацыі ў Шарлатсвілі. Тады ён абвінаваціў абодва бакі ў гвалце.
Цяпер рэспубліканцы маюць большасьць у абедзьвюх палатах Кангрэсу. Гэтая сытуацыя можа зьмяніцца ўжо восеньню, сурʼёзна паўплываўшы на здольнасьць Трампа праводзіць ранейшы курс. Абедзьве партыі пазмагаюцца за ўсе 435 месцаў у Палаце прадстаўнікоў, а таксама за 33 месцы са 100 у Сэнаце.