Саудаўскія ўлады дапусьцілі магчымасьць вайны супраць Ірану

Памежны патруль саудаўскіх ВМС

Саудаўская Арабія дапускае вайну супраць Ірана ў выпадку, калі ён рэалізуе сваю пагрозу і перакрые Армускую пратоку, заблякаваўшы тым самым доступ у Пэрсыдзкую затоку.

Пра гэта заявіў дарадца міністра энэргетыкі Саудаўскай Арабіі Ібрагім аль-Мугана ў інтэрвію агенцтву Reuters.

Чыноўнік выказаў надзею, што Рада Бясьпекі ААН дасьць згоду на ваенную апэрацыю. Ён выступіў за поўнае гандлёвае эмбарга супраць Тэгерану, паколькі, на яго думку, цяперашнія абмежавальныя меры ня здольныя цалкам спыніць продаж іранскай нафты.

Напярэдадні камандуючы іранскімі ваенна-марскімі сіламі Алірэза Тангсіры заявіў аб тым, што Пэрсыдзкая затока апынулася пад поўным кантролем яго краіны. Рэагуючы на гэтую заяву, дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо запэўніў, што Вашынгтон і яго партнэры сочаць за тым, каб у затоцы захоўвалася свабода мараплаўства.

У пачатку ліпеня Тэгеран прыгразіў перакрыць Армускі праліў для транспартаваньня нафты з краінаў Пэрсыдзкай затокі, калі будзе ўведзена забарона на экспарт іранскай нафты. У пачатку жніўня іранскі прэзыдэнт Хасан Роўхані паабяцаў праблемы ва ўсім рэгіёне ў выпадку ўвядзеньня санкцый супраць Тэгерану.

Некалькі тыдняў таму прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб паэтапным аднаўленьні санкцый супраць Ірану. Забарона на экспарт іранскай нафты павінна ўступіць у сілу на другім этапе — у лістападзе сёлета. Напярэдадні Пампэо абвінаваціў Тэгеран у «злоўжываньні» Міжнародным судом ААН, празь які іранскія ўлады спрабуюць аспрэчыць санкцыйны рэжым.