Парашэнка ўзнагародзіў Мустафу Джэмілева ордэнам Свабоды

Мустафа Джэмілеў

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ўзнагародзіў ордэнам Свабоды лідэра крымскататарскага народу, народнага дэпутата Ўкраіны Мустафу Джэмілева. Адпаведны ўказ апублікаваны на сайце ўкраінскага прэзыдэнта.

Публічных камэнтароў Джэмілева наконт узнагароды на момант публікацыі няма.

Паводле ўказу Парашэнкі, ордэнам Свабоды ўзнагароджваюць за «значны асабісты ўнёсак у дзяржаўнае будаўніцтва, сацыяльна-эканамічнае, навукова-тэхнічнае, культурна-адукацыйнае разьвіцьцё Ўкраіны, значныя працоўныя дасягненьні і высокі прафэсіяналізм».

Мустафа Джэмілеў — адзін з кіраўнікоў крымскататарскага нацыянальнага руху, праваабаронца, палітычны вязень савецкага рэжыму. З 20 жніўня 2014 году — Упаўнаважаны прэзыдэнта Ўкраіны па справах крымскататарскага народу. Пасьля расейскай анэксіі Крыму ў 2014 годзе расейскія ўлады забаранілі Джэміліеву ўезд на тэрыторыю Расеі і Крыму.