У Кіеве пачаўся парад з нагоды Дня Незалежнасьці. ЖЫВЫ ЭФІР

Сёньня, 24 жніўня, Украіна сьвяткуе Дзень Незалежнасьці 27-ы раз. Акт незалежнасьці быў прыняты Вярхоўнай Радай Украінскай ССР у 1991 годзе. Каб падрыхтаваць яго, распрацоўнікі мелі паўтары гадзіны.

Адзін з аўтараў, былы дысыдэнт Ляўко Лук’яненка, успамінаў, што дакумэнт атрымаўся кароткі ня гэтулькі праз брак часу, колькі праз боязь, што камуністы захочуць прыдзірліва яго абмеркаваць.

«Трэба было такі дакумэнт скласьці, каб ён ня выклікаў ніякіх дыскусіяў, каб за яго прагаласавалі "адным махам"», — узгадваў Ляўко Лук’яненка.

У рэшце рэшт, пасьля некалькіх правак у дакумэнце засталося чатыры сказы. 24 жніўня ўдзень тэкст агучылі ў парлямэнце, а ўвечары акт абвясьцілі на Сафійскай плошчы.

«Застрахаваць» абвешчаную незалежнасьць Украіны ў парлямэнцкай апазыцыі вырашылі правядзеньнем Усеўкраінскага рэфэрэндуму. Колішні кіраўнік Інстытуту нацыянальнай памяці, а ў 1991-м сябра прэзыдыюму Вярхоўнай Рады Ігар Юхноўскі быў першым, хто выказаў гэтую ідэю.

Паводле яго, ён настойваў на рэфэрэндуме, бо быў упэўнены, што бяз гэтага захаду пазьней акт можна будзе скасаваць. «Рэфэрэндум быў найважнейшым з усяго. Праўда, супраць яго выступалі нават некаторыя чальцы Народнай Рады. Але я настойваў: рэфэрэндум абавязковы», — дадае Ігар Юхноўскі.

Глядзіце трансьляцыю параду ў этэры Радыё Свабода:

1 сьнежня на Ўсеўкраінскім рэфэрэндуме больш за 90% удзельнікаў падтрымалі Акт абвяшчэньня незалежнасьці.

Напярэдадні ва Украіне адбыліся ўрачыстасьці з нагоды Дня дзяржаўнага сьцяга. Узьняцьцё дзяржаўнага сьцяга з удзелам прэзыдэнта Ўкраіны 23 жніўня 2018 году ўпершыню адбылося не ў сталіцы Кіеве, а ў горадзе Дніпры.

Паводле галавы дзяржавы Пятра Парашэнкі, такое рашэньне было ўхвалена, бо менавіта на мяжы Днепрапятроўскай вобласьці адбыўся «карэнны пералом» ў гібрыдным супрацьстаяньні на Данбасе і былі зруйнаваныя пэрспэктывы стварэньня так званай «Наваросіі». Сьцяг паднялі на найвышэйшы ва ўкраінскіх гарадах тронец — 72 мэтры.