Трамп: «Чатыры гады Ўкраіна мужна супрацьстаіць расейскай агрэсіі»

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падчас візыту Парашэнкі ў Белы дом. Вашынгтон, чэрвень 2017

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Дональд Трамп накіраваў прэзыдэнту Ўкраіны Пятру Парашэнку і ўкраінцам віншаваньне з нагоды Дня Незалежнасьці — пра гэта паведаміў Парашэнка.

«На працягу чатырох гадоў Украіна мужна супрацьстаіць расейскай агрэсіі і зьяўляецца блаславёнай яскравай грамадзянскай супольнасьцю, эканомікай, якая расьце, і ўзброенымі сіламі, магутнымі, як ніколі раней», — цытуе Трампа прэс-служба прэзыдэнта Ўкраіны.

Таксама прэзыдэнт Злучаных Штатаў, гаворыцца ў паведамленьні, запэўніў, што ЗША гатовыя і надалей падтрымліваць Украіну ў абароне яе сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласьці, а таксама ў барацьбе з карупцыяй і разьвіцьці дэмакратычных інстытутаў.

22 жніўня Парашэнка паведаміў, што свае віншаваньні Украіне з надыходзячым сьвятам накіраваў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.

24 жніўня Ўкраіна будзе адзначаць 27-ю гадавіну Незалежнасьці.