NATO: сілы альянсу ва Ўсходняй Эўропе непараўнальныя з расейскімі

Паўночнаатлянтычны альянс у сераду зьняпраўдзіў словы расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна аб тым, што кантынгент NATO ва Ўсходняй Эўропе ўяўляе пагрозу для Расеі, заявіўшы, што ён несупаставімы з расейскімі сіламі.

«Дзеяньні NATO маюць абарончы характар, яны прапарцыйныя і цалкам адпавядаюць нашым міжнародным абавязаньням, — заявіла афіцыйная прадстаўніца альянсу Аана Лунгеску ў лісьце агенцтву Reuters. — Ва ўсходняй частцы альянсу разьмешчаныя 4000 вайскоўцаў з мэтай стрыманьня кожнай магчымай агрэсіі. Гэтыя сілы непараўнальныя з дывізіямі, разьмешчанымі Расеяй. Для параўнаньня — Расея таксама разьмясьціла войскі ва Ўкраіне, Грузіі і Малдове, але насуперак волі ўрадаў гэтых краін».

NATO таксама зьняпраўдзіла заяву Пуціна аб тым, што заходні вайсковы альянс адмаўляецца абмяркоўваць з Расеяй правілы вайсковых палётаў, настойваючы, што пытаньні авіяцыі абмяркоўваюцца на розных сумесных вайсковых форумах.