Невядомыя ў ноч на панядзелак абстралялі амбасаду ЗША ў сталіцы Турэччыны Анкары. Паводле паведамленьняў паліцыі і прадстаўнікоў амбасады, ніхто не пацярпеў.
Некалькі стрэлаў па будынку амбасады было зроблена з машыны, што праяжджала міма. Некалькі куляў трапілі ў будку аховы. Нападнікі зьехалі.
Амбасада на гэтым тыдні не працуе з нагоды мусульманскага сьвята.
Інцыдэнт адбыўся на фоне рэзкага пагаршэньня адносінаў Вашынгтону і Анкары. Злучаныя Штаты патрабуюць ад Турэччыны вызваліць амэрыканскага пастара Эндру Брэнсана, якога турэцкія ўлады абвінавачваюць у дачыненьні да падрыхтоўкі перавароту. ЗША ўвялі санкцыі супраць шэрагу турэцкіх чыноўнікаў і арганізацый, а таксама рэзка павысілі пошліны на шэраг турэцкіх тавараў. Турэччына таксама падвысіла пошліны на ўвоз тавараў з ЗША. Крызіс у адносінах Вашынгтону і Анкары спрыяў рэзкаму падзеньню курсу турэцкай ліры.