Казлы адпушчэньня. Аўтарытарныя рэжымы шукаюць вінаватых у сваіх памылках

Кіраўнікі Турэччыны, Ірану і Расеі: Рэджэп Эрдаган, Алі Хамэнэі і Ўладзімір Пуцін

Пра тое, як аўтарытарныя лідэры ўскладаюць адказнасьць за свае правалы на апазыцыю ці замежжа, піша палітычны аналітык Радыё Свабода Фруд Безган

У турэцкага прэзыдэнта Реджепа Таіпа Эрдагана — амаль нічым не абмежаваная ўлада ў краіне. У яго руках — мэханізмы кантролю над эканомікай, СМІ, арміяй. І тым не менш аўтарытарны лідэр Турцыі абвінавачвае ў нядаўнім абвале нацыянальнай валюты і эканамічных цяжкасьцях замежных «змоўшчыкаў» і мясцовых «сабатажнікаў».

Эрдаган, які ўжо 15 гадоў грае вядучыя ролі ў турэцкай палітыцы, спачатку як прэмʼер-міністар, а з 2014 году як прэзыдэнт, заявіў, што ў абвале курсу турэцкай ліры вінаватыя «эканамічныя тэрарысты ў сацыяльных сетках» і «закулісная змова», якія накіроўваюцца Злучаным Штатамі, зь якім Турэччына, тым ня менш, знаходзіцца ў адным ваенна-палітычным саюзе — NATO.

Эрдаган вітае сваіх прыхільнікаў на мітынгу ў Анкары, 25 чэрвеня 2018

Словы Эрдагана могуць выклікаць зьдзіўленьне, але на самой справе гэта не першы раз, калі ваяўнічы турэцкі лідэр, апынуўшыся ў цяжкім становішчы, шукае вінаватых. У 2016 годзе ён абвінаваціў у арганізацыі спробы дзяржаўнага перавароту турэцкага сьвятара і духоўнага лідэра Фетулаха Гюлена, які жыве ў ЗША. Якіх-небудзь доказаў абвінавачваньняў прадстаўлена не было, але з тых часоў перасьледам у якасьці прыхільнікаў Гюлена зазналі дзясяткі тысяч людзей. Па меркаваньні праваабаронцаў, пад гэтай нагодай была ўчыненая кампанія барацьбы з любым палітычным іншадумствам.

Эрдаган — не адзіны аўтарытарны лідэр, які любіць гуляць у гульню «знайдзі вінаватага», каб адцягнуць грамадзкую ўвагу ад уласных памылак. Іранскі вярхоўны лідэр аятала Алі Хамэнэі і прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін таксама ахвотна шукаюць і знаходзяць у сваіх краінах празаходнія змовы, «пятыя калёны» і «замежных агентаў». На іх зручна звальваць эканамічныя і палітычныя праблемы.

«Правадырам патрэбныя казлы адпушчэньня, — кажа палітычны аналітык Гэрэт Джэнкінс, які жыве ў Стамбуле. — У гэтай ролі могуць выступаць іншыя краіны, этнічныя ці рэлігійныя меншасьці — хто заўгодна, на каго можна паказаць як на прычыну таго, што справы ідуць кепска. Прычынай гэтага зьяўляецца канцэнтрацыя ўлады ў адных руках».

Пад уплывам новага абвастрэньня адносін Анкары і Вашынгтону курс турэцкай ліры зьнізіўся з пачатку году амаль на 45%. ЗША ўвялі санкцыі супраць двух турэцкіх міністраў — у сувязі з арыштам у Турэччыне амэрыканскага пастара, якога ўлады абвінавацілі ў тэрарызму. На мінулым тыдні Вашынгтон падняў імпартныя тарыфы на турэцкі мэтал. У адказ Эрдаган заявіў, што Турэччына стала абʼектам «эканамічнай вайны» і заклікаў туркаў пазбаўляцца ад даляраў і эўра.

«Было б няправільна бачыць прычыну падзеньня курсу турэцкай ліры толькі ў дзеяньнях ЗША — лічыць турэцкі эканаміст Джан Следжукі, адзін з вядучых экспэртаў стамбульскага Цэнтру дасьледаваньняў эканомікі і зьнешняй палітыкі. — Аслабленьне ліры зьвязанае перш за ўсё з эканамічнымі прычынамі. Напружаньне ў адносінах з Амэрыкай наклалася на гэты фактар - адсюль усплёск нестабільнасьці ».

Эканамісты кажуць, што Анкары варта павысіць працэнтныя стаўкі, каб утаймаваць інфляцыю, але Эрдаган лічыць такія крокі «неісламскімі». Паводле яго слоў, высокія стаўкі вядуць да высокай інфляцыі — эканамічная тэорыя гэта адмаўляе.

Па словах Джэнкінса, у Турэччыне «адбылася эрозія палітычных і дзяржаўных інстытутаў, таму што ўсё засяроджана ў руках Эрдагана. У вярхах няма кампэтэнтных экспэртаў, таму што Эрдаган атачылі сябе людзьмі, якія ўмеюць толькі паддакваць. Іншая праблема — яго ўласныя ўяўленьні пра эканоміку, якія вызначаюць турэцкую эканамічную палітыку ».

Тактыка Эрдагана падобная на тую, якую ўжываюць улады Ірану і Расеі, якімі кіруюць аўтакраты, якіх нярэдка абвінавачваюць у сыстэмнай карупцыі і эканамічных правалах. Як і Анкара, Тэгеран і Масква любяць вінаваціць у сваіх няўдачах іншых.

Хамэнэі, які кіруе Іранам з 1989 году, лідэр, за якім застаецца апошняе слова ва ўсіх прынцыповых пытаньнях жыцьця краіны, лічыць «замежныя інтрыгі» перадумовай крызісу ў Іране, падзеньня курсу нацыянальнай валюты — рыялу, і зьвязаных з гэтым нядаўніх масавых акцый пратэсту. Яго крытыка скіраваная на Ізраіль — «сіянісцкае ўтварэньне», паводле выразу іранскага лідэра, і на «сатанінскія» Злучаныя Штаты.

Алі Хамэнэі

Аднак эканамічныя аналітыкі зьвяртаюць увагу на ўнутрыіранскія прычыны праблем — ня адмаўляючы, зрэшты, што ўведзеныя ЗША санкцыі іх пагаршаюць. Іранская эканоміка, якая знаходзіцца пад жорсткім кантролем дзяржавы, залежная ад экспарту нафты і газу і нясе вялікі цяжар розных субсыдый і рэгуляваных цэн.

«Іранскаму ўраду не ўдалося правесьці рынкавыя структурныя пераўтварэньні, каб стымуляваць эканамічны рост, — лічыць Стыў Ханке, эканаміст з унівэрсытэту Джонса Гопкінса ў Балтыморы. — З часоў ісламскай рэвалюцыі 1979 году эканомікай кіруюць няўдала. Хоць у выпадку правядзеньня сурʼёзных рэформаў у Іране можа быць сапраўдны эканамічны бум і вельмі рэзкі рост ».

Уладзімір Пуцін

Эканоміка Расеі, таксама залежная ад экспарту, уступіла ў дэпрэсію ў 2014 годзе, калі ўпалі сусьветныя цэны на нафту, а краіны Захаду ўвялі супраць Масквы эканамічныя санкцыі ў сувязі з анэксіяй Крыму і заангажаванасьцю Расеі ў канфлікт на ўсходзе Украіны. Аднак Уладзімір Пуцін лічыць пэрыядычнае падзеньне курсу рубля і эканамічную стагнацыю вынікам спробаў Захаду «стрымаць і аслабіць Расею». Высновы эканамістаў, якія кажуць, што гады злоўжываньняў і празьмернай залежнасьці ад экспарту вуглевадародаў не праходзяць дарма, Крэмль ня хоча слухаць.