АБСЭ: канвой з вайсковых машын перасек расейска-ўкраінскую мяжу

Бесьпілётнік маніторынгавай місіі АБСЭ на Данбасе зафіксаваў перасоўваньне вайсковай тэхнікі праз расейска-ўкраінскую мяжу.

Як вынікае са справаздачы назіральнікаў, гэта адбылося ў ноч на 8 жніўня. Спачатку калёна з васьмі вайсковых грузавікоў па грунтовай дарозе, далёкай ад пунктаў пропуску, заехала на тэрыторыю Расеі. Пазьней падобны канвой перасек расейска-ўкраінскую мяжу зь іншага боку, заехаўшы на тэрыторыю Данбаса.

Кіеў і краіны Захаду абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР». Крэмль абвінавачваньні адпрэчвае.

За апошнія суткі, паводле дадзеных Кіева, сэпаратысты 45 раз парушылі рэжым спыненьня агню. Адзін украінскі вайсковец загінуў, яшчэ двое атрымалі раненьні.