Пасьля Грузіі была Ўкраіна. Хто на чарзе ў Крамля?

Вокладка часопісу "Тиждень" дзесяцігадовай даўніны. Нумар быў прысьвечаны расейска-грузінскай вайне.

Уварваньне ў Грузію стала першай спробай РФ ўсталяваць вайсковы кантроль над чужымі тэрыторыямі. Другой стаў Крым. Потым Данбас.

Пра ўрокі расейска-грузінскай вайны палітык Леанід Гозман (Масква), мастак Андрэй Ярмоленка (Кіеў), журналіст Акакій Мікадзэ (Тбілісі) і экс-пракурор Ігар Сьцяпанаў (Масква) разважаюць у перадачы журналістыкі Расейскай службы Радыё Свабода Алены Рыкаўцавай.

Вось фрагмэнт гутаркі, дзе закранаецца беларуская тэма:

Гозман: Што будзе далей? Наша інтэрвэнцыя ў Аўганістан скончылася трагедыяй для Савецкага Саюзу — ён рухнуў, разваліўся. Вайна ў Грузіі ня дала такога выніку, наадварот рэйтынг валадароў пайшоў уверх, маўляў, малайцы, ударылі і т. д. Крым даў нябачаны дагэтуль пад’ём. Цяпер пэнсіі ўдарылі па рэйтынгу і яго трэба зноў падымаць. А за кошт чаго?

Калі паглядзець, то самым эфэктыўным сродкам за час кіраваньня Ўладзіміра Пуціна была вайна. Прычым, не любая. Вайна ў Сырыі нацыянальнага пад’ёму і аб’яднаньня ня дала, бо не было маральных падстаў. Там мова ішла пра нейкіх тэрарыстаў на далёкіх рубяжах — поўная ахінея. А на тое, што сырыйцы адзін аднаго забіваюць, нашым грамадзянам напляваць.

Ва Ўкраіне былі маральныя падставы — яны былі абсалютна ілжывымі, маўляў, зараз прыйдуць бандэраўцы і ўсіх перарэжуць, але падставы былі.

Значыцца, наступным пунктам павінна быць месца, дзе кампактна жывуць расейскамоўныя людзі, і дзе іх трэба бараніць. А дзе яны жывуць?

Рыкаўцава: у Беларусі?

Гозман: Менавіта, у Беларусі. Аляксандар Рыгоравіч не дарэмна хвалюецца. А яшчэ ёсьць Эстонія, Латвія, паўночны Казахстан. Што праўда, Эстонія і Латвія ў NATO, але хто ведае, што можа прыйсьці ў галаву...