У Нямеччыне нэанацыстцы прысудзілі пажыцьцёвае зьняволеньне

Бэатэ Чэпэ

Нямецкі суд у сераду прысудзіў Бэатэ Чэпэ пажыцьцёвае зьняволеньне, прызнаўшы яе вінаватай у 10 фактах забойства ў складзе нэанацысцкай групоўкі. Такім чынам, ёй вынесены самы працяглы магчымы тэрмін пакараньня. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.

Суд вызначыў, што Чэпэ ўваходзіла ў нацыянал-сацыялісцкае падпольле, чальцы якога цягам сямі гадоў ад 2000 году забілі восем туркаў, грэка і нямецкую паліцыянтку.

Чэпэ адмаўляла, што прымала ўдзел у забойствах з двума іншымі ўдзельнікамі нэанацысцкай арганізацыі — Увэ Бэнгартам і Увэ Мундлясам. Яны зьдзейсьнілі самагубства ў 2011 годзе, калі паліцыянты выпадкова выявілі банду. Аднак праз свайго адваката яна заявіла, што адчувае сябе маральна вінаватай у тым, што не спыніла іх.