400 беларусаў страцілі пуцёўкі праз крызіс расейскай кампаніі «Натали Турс», ім абяцаюць кампэнсацыі

Международный туристический форум в Москве

Беларускім кліентам расейскага турапэратара «Натали Турс», пуцёўкі якіх былі скасаваныя, абяцалі кампэнсацыю ці іншыя варыянты адпачынку. Тых, хто ўжо адпачывае, вернуць дадому. Пра гэта са спасылкай на кіраўніка «Ростуризма» Алега Сафонава паведамляе сайт Міністэрства спорту і турызму Беларусі.

Як пісала Свабода, праблемы ў кампаніі пачаліся на мінулым тыдні: спачатку былі адмененыя чартарныя рэйсы, а пасьля ануляваныя набытыя пуцёўкі. У выніку пацярпелі ня толькі расейцы, але і беларусы, якія набывалі туры ў беларускім прадстаўніцтве кампаніі.

Цяпер па лініі кампаніі «Натали Турс» за мяжой знаходзяцца каля 200 беларускіх турыстаў. У іх ёсьць квіткі і яны вернуцца на радзіму ў любым выпадку. Яшчэ блізу 400 чалавек набылі пуцёўкі і цяпер «Ростуризм» разглядае варыянты кампэнсацыі — вярнуць грошы ці прапанаваць замену першапачатковаму падарожжу.

На мінулым тыдні пад старшынствам Алега Сафонава адбылося пазачарговае пасяджэньне Назіральнай рады аб’яднаньня. Кіраўнік «Натали Турс» Уладзімір Вараб’ёў пацьвердзіў ануляваньне браніраваньня на час ад 4 ліпеня да 30 верасьня. Паводле Вараб’ёва, экстраная эвакуацыя кліентам не патрабуецца. Ён запэўніў, што цягам двух тыдняў каля 3 тысяч турыстаў вернуцца назад.

Уладзімір Вараб'ёў

Адразу некалькі расейскіх турыстычных фірмаў абвясьцілі пра фінансавыя праблемы і ня выключылі працэдуры банкруцтва. У ліку тых, хто ня можа скарыстацца ўжо аплочанымі паслугамі, аказаліся сотні беларусаў. Сярод прычынаў крызісу — адмова ад супрацоўніцтва з боку замежных партнэраў, згортваньне попыту на расейскім рынку, рэзкае падаражаньне авіябілетаў.

Сярод кампаній, якія паведамілі пра часовае прыпыненьне дзейнасьці — «Матрёшка тур», «Аврора БГ», DSBW-TOURS, «Натали Турс». Апошні турапэратар даўно і найбольш актыўна прадстаўлены на беларускім рынку. Прадстаўніцтва кампаніі працуе ад пачатку сярэдзіны 1990-х і прапануе адпачынак па самых папулярных напрамках — Турэччына, Эгіпет, Грэцыя, Гішпанія, Баўгарыя.