На журналістку Шчыракову гомельская міліцыя склала пратакол за фотарэпартаж з Нэпалу

Ларыса Шчыракова, архіўнае фота

Участковы інспэктар Гомельскага РАУС, маёр міліцыі Сяргей Прымакоў склаў на незалежную журналістку Ларысу Шчыракову адміністрацыйны пратакол (ч.2, артыкул 22.9 КаАП) за фотарэпартаж з Нэпалу, паведамляе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Фотарэпартаж быў зьмешчаны на сайце тэлеканалу «Белсат» 16 траўня пад назвай «Краявіды, ад якіх займае дух. Найвышэйшыя горы ў сьвеце вачыма гамельчукоў».

«У беларускіх міліцыянтаў дзіўная лёгіка: фатаздымкі я рабіла ў Нэпале ў Гімалаях, падчас узыходжаньня на гару Манаслу, а мяне вінавацяць, што я, будучы не акрэдытаванай у Рэспубліцы Беларусь, ажыцьцяўляла прафэсійную дзейнасьць як журналістка замежнага СМІ. У Нэпале да мяне прэтэнзіяў не было, а ў роднай Беларусі зьявіліся. Так і хочацца паўтарыць словы зь вядомага шлягера: «Адпусьціце мяне ў Гімалаі», — сказала Ларыса Шчыракова службе маніторынгу ГА «БАЖ».

Журналістка-фрылянсэр зьвярнула ўвагу на недарэчнасьць і іншых фармулёвак у адміністрацыйным пратаколе. Паводле ўчастковага Прымакова, яна нібыта разьмясьціла «артыкул у выглядзе сюжэту ў эфіры тэлеканалу», хоць фотарэпартаж быў зьмешчаны толькі на сайце.

«І сьмех, і грэх. Але ж такую абракадабру суды разглядаюць усур’ёз і выносяць астранамічныя штрафы», — дадае Шчыракова.

Калі суд Гомельскага раёну разгледзіць гэты пратакол, невядома — позвы яшчэ няма.

Тым часам 6 ліпеня Шчыракову выклікаюць у Рэчыцкі раённы суд, дзе над ёй мае адбыцца іншы суд за журналісцкую дзейнасьць на замежнае СМІ без акрэдытацыі МЗС Беларусі. Шчыракову рэгулярна караюць штрафамі за працу без акрэдытацыі.

Лічба дня: 85 судоў над журналістамі за год