Мін'юст ЗША перадаў Кангрэсу новыя дакумэнты аб умяшаньні Расеі ў выбары

Міністэрства юстыцыі ЗША перадало Палаце прадстаўнікоў больш за тысячу новых сакрэтных дакумэнтаў у справе аб магчымым умяшаньні Расеі ў амэрыканскія выбары ў 2016 годзе, паведамляе Associated Press.

Дакумэнты меліся перадаць у пятніцу, аднак гэта было зроблена ў суботу. Як піша AP, іх перадалі пад пагрозай адстаўкі і прыцягнення супрацоўнікаў міністэрства да адказнасці за непавагу да Кангрэсу.

Паводле Эшлі Стронг, прэс-сакратара сьпікера Палаты прадстаўнікоў Пола Раяна, большасьць дакумэнтаў датычаць пачатку расьсьледаваньня ФБР расейскага ўмяшаньня ў выбары прэзідэнта ЗША.

Гэтую справу вядзе былы дырэктар ФБР, спэцпрокурор Робэрт Мюлер. Ён, у прыватнасці, правярае сувязі супрацоўнікаў штабу Трампа з Расеяй.

У справе аб умяшаньні Расеі ў выбары ў ЗША абвінавацілі 13 расейцаў, у тым ліку бізнэсоўца Яўгена Прыгожына, якога называюць «кухарам Пуціна», і супрацоўнікаў зьвязанай зь ім «фабрыкі троляў». У дачыненьні да іх дзейнічаюць пэрсанальныя санкцыі ЗША.