Апошняя краіна ў сьвеце: жанчынам Саудаўскай Арабіі дазволілі кіраваць аўтамабілем

Урок кіраваньня аўтамабілем для жанчын у Саудаўскай Арабіі

У нядзелю, 24 чэрвеня, пачаў дзейнічаць закон, які дазваляе жанчынам з Саудаўскай Арабіі кіраваць аўтамабілем.

Пра гэта паведамляе BBC News. Новы закон быў анансаваны ў верасьні 2017 года каралём Салманам, і ўжо ў пачатку чэрвеня Саудаўская Арабія пачала выдаваць ліцэнзіі для кіраваньня аўтамабілем, а таксама адкрыла аўташколы для жанчын.

Жанчына з Саудаўскай Арабіі атрымлівае ліцэнзію кіроўцы

Саудаўская Арабія заставалася адзінай у сьвеце краінай, дзе з 1957 года дзейнічала забарона на кіраваньне для жанчын. З-за гэтага сям’і былі вымушаныя наймаць кіроўцаў для перамяшчэньня сямейнікаў жаночага полу па горадзе.

У 1990-х гадах зьявіўся рух за наданьне жанчынам права на самастойнае кіраваньне аўтамабілем. Многія актывісткі былі арыштаваныя і трапілі пад суд. Адмена забароны на кіраваньне зьяўляецца часткай праграмы насьледнага прынца Махамэда бін Салмана па мадэрнізацыі некаторых аспэктаў саудаўскага грамадзтва.