Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што падпіша ўказ па праблеме іміграцыі, які прадухіліць падзел семʼяў мігрантаў на мяжы.
«Мы маем намер захаваць адзінства семʼяў», — заявіў прэзыдэнт у сераду, падчас нарады ў Белым доме.
Раней паступілі паведамленьні, што міністарка унутранай бясьпекі Кірстэн Нілсэн рыхтуе прэзыдэнцкі ўказ, які даручыць яе ведамству адпраўляць затрыманыя на мяжы сямʼі пад варту разам зь дзецьмі.
Раней у сераду прэзыдэнт выступіў з новай крытыкай на адрас СМІ і дэмакратаў, заявіўшы, што менавіта яны ствараюць няправільнае ўяўленьне аб яго палітыцы разлучэньня семʼяў імігрантаў, якія спрабуюць нелегальна патрапіць у ЗША.
Па словах амэрыканскага лідэра, вядучыя СМІ «ня згадваюць пра бясьпеку краіны, калі разважаюць пра нелегальнай іміграцыі». Ён таксама зноў заявіў, што іміграцыйнае заканадаўства ЗША — «самае слабае і дрэннае ў сьвеце», а дэмакраты «робяць усё, што заўгодна, абы яго не мяняць».
«Вінаватыя дэмакраты, яны не даюць нам галасоў, неабходных для прыняцьця добрага іміграцыйнага заканадаўства, — напісаў Трамп у Твітэры. — Яны хочуць адкрытых межаў, якія спараджаюць жахлівую злачыннасьць. Рэспубліканцы хочуць бясьпекі. Але я над нечым працую — гэтаму няма канца!»
За некалькі гадзін да гэтага Трамп сустрэўся з кангрэсмэнамі-рэспубліканцамі ў палаце прадстаўнікоў, выказаўшыся ў падтрымку двух законапраектаў па іміграцыі, якія палата павінна разгледзець на гэтым тыдні. Законапраекты скіраваныя на рэформу амэрыканскай іміграцыйнай палітыкі і прадугледжваюць меры, якія дазволяць спыніць разлучэньне семʼяў на мяжы, аднак пакуль незразумела, ці набяруць яны дастаткова галасоў.
«Мы можам забясьпечваць захаваньне нашага іміграцыйнага заканадаўства, не разлучаючы семʼі» — заявіў сьпікер палаты прадстаўнікоў Пол Раян.
Трамп і чальцы яго адміністрацыі трапляюць пад агонь рэзкай крытыкі з боку абедзьвюх партыяў, дзелавых колаў і рэлігійных лідэраў з прычыны практыкі разлучэньня семʼяў на мяжы. За апошнія два месяцы больш за 2300 дзяцей былі адпраўленыя ў спэцыяльныя цэнтры, у той час як іх бацькоў затрымліваюць і абвінавачваюць у незаконным пранікненьні ў краіну.
Трамп адмаўляецца спыніць гэтую палітыку, заклікаючы Кангрэс прыняць меры, якія дазволяць ад яе адмовіцца, прыняць больш комплексную іміграцыйную рэформу і вылучыць 25 мільярдаў даляраў на будаўніцтва сьцяны для стрымліваньня далейшай нелегальнай іміграцыі.