Associated Press: ЗША разьмяшчаюць па прытулках адабраных у мігрантаў немаўлят і дзяцей

Лягер мігрантаў каля мэксыканскай мяжы ў штаце Тэксас.

Супрацоўнікі адміністрацыі прэзыдэнта ЗША пачалі разьмяркоўваць немаўлят і дзяцей дашкольнага ўзросту, гвалтоўна адлучаных ад сваіх бацькоў на мяжы ЗША і Мэксыкі, прынамсі ў тры прытулкі ў Паўднёвым Тэхасе.

Стан прытулкаў

Пра гэта паведамляе агенцтва Associated Press. Такія прытулкі, паводле агенцтва, называюць «прытулкамі юнага ўзросту».

Адвакаты і мэдыкі, якія наведалі прытулкі для дзяцей дашкольнага ўзросту ў даліне Рыа-Грандэ, прызналі іх стан «крызысным».

Ва ўрадзе ЗША заявілі, што ў чацьвер, 21 чэрвеня, адкрыецца чацьвёрты прытулак для сотняў дзяцей мігрантаў у Х’юстане. Сама адміністрацыя гораду напярэдадні асудзіла крок фэдэральных уладаў.

Колькі дзяцей разлучана з бацькамі

З тых часоў, як Вашынгтон пачаў палітыку «нулявой цярпімасьці» да мігрантаў вясной 2018 году, амэрыканскія памежнікі разлучылі амаль 2500 дзяцей зь іх бацькамі, больш за 100 гэтых дзяцей — маладзейшы за чатыры гады. Новыя іміграцыйныя правілы ЗША прадугледжваюць крымінальны перасьлед усіх, хто нелегальна перасякае мяжу — бязь нейкіх паслабленьняў.

На думку прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, мігранты, якія хочуць трапіць у краіну нелегальна, «выкарыстоўваюць дзяцей у якасьці Траянскага каня».

Папярэднія правілы абмяжоўвалі тэрмін затрыманьня дарослых зь дзецьмі 20 днямі, пасьля чаго іх адпускалі пад абавязаньне вяртаньня ў суд, а сем’і звычайна праходзілі грамадзянскі працэс дэпартацыі, які не патрабуе разлучэньня.

Пазыцыя Дональда Трампа

Таму для прыцягненьня да адказнасьці «даводзіцца забіраць дзяцей», заявіў Трамп, выступаючы перад уладальнікамі малога бізнэсу ў Вашынгтоне.

Прэзыдэнт заявіў, што пакуль ёсьць толькі два варыянты вырашэньня праблемы: «поўнае адкрыцьцё межаў або крымінальны перасьлед». Ён заклікаў Кангрэс даць яму магчымасьць выкарыстоўваць трэці варыянт — дэпартаваць членаў сем’яў разам.

Трамп таксама абвінаваціў СМІ ў тым, што сваёй падачай матэрыялаў па гэтай праблеме яны «дапамагаюць кантрабандыстам, гандлярам людзьмі», якія карыстаюцца шчылінамі ў заканадаўстве.

Пазыцыя Мэксыкі

Незадоўга да выступу Трампа Мэксыка рэзка асудзіла дзеяньні Вашынгтону.

«Ад імя мэксыканскага ўраду і народу я хачу выказаць наша самае катэгарычнае і рашучае асуджэньне гэтай жорсткай і бесчалавечнай палітыкі», — заявіў на прэсавай канфэрэнцыі міністар замежных спраў Люіс Відэгарай.

Вярхоўны камісар правоў чалавека ААН Зэйд Раад аль-Хусэйн назваў «абуральнымі» спробы стрымаць іміграцыю за кошт прыгнёту дзяцей.

Абедзьве вядучыя партыі ЗША — супраць

Пасьля таго, як былі апублікаваныя зьвесткі аб разлучаных дзецях і фатаграфіі з разьмеркавальных цэнтраў, прадстаўнікі абедзьвюх партый сталі больш актыўна заклікаць да адмены палітыкі «нулявой цярпімасьці».

Дэмакраты актыўна прыцягваюць увагу да гэтай праблемы, патрабуючы, каб адміністрацыя прыняла меры, якія дазволяць сем’ям не разлучацца. Усё больш рэспубліканцаў далучаецца да гэтых заклікаў.

  • Член Палаты прадстаўнікоў ад штату Мічыган рэспубліканец Фрэд Аптан заклікаў неадкладна спыніць «агідную і нечалавечую практыку», заявіўшы: «Непрымальна выкарыстоўваць дзяцей у якасьці разьменнай манэты ў палітычным працэсе».
  • Сэнатар-рэспубліканец ад штату Канзас Пэт Робэртс заявіў, што выступае супраць «разлучэньня дзяцей з бацькамі ў якасьці меры стрымліваньня нелегальнай іміграцыі».

У адміністрацыі Трампа настойваюць, што сэпарацыя сем’яў прадугледжана заканадаўствам.