Суд скасаваў вынікі выбараў мэра, які абяцаў «зрынуць» прэзыдэнта Малдовы

Андрэй Нэстасе

Суд у Кішынёве 19 чэрвеня скасаваў вынікі выбараў мэра гораду. У другім туры выбараў ​перамогу атрымаў лідэр правай праэўрапейскай апазыцыйнай партыі «Плятформа DA» Андрэй Нэстасэ, але ягоныя канкурэнты заявілі пра парушэньні.

Ён набраў 52,57 адсотка галасоў выбарнікаў, у той час як ягоны галоўны канкурэнт, прадстаўнік прапрэзыдэнцкай Партыі сацыялістаў Ён Чэбан, атрымаў 47,43 адсотка.

Выступаючы перад выбарнікамі пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў, Нэстасэ абвясьціў пра намер перамагчы і на выбарах у парлямэнт Малдовы, паабяцаўшы «скінуць цяперашні рэжым у Малдове» і вызваліць краіну «ад бінома Плахатнюка — Дадона», прыводзіла ягоныя словы Deutsche Welle (меліся на ўвазе алігарх Улад Плахатнюк і прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон).

Са сьнежня 2016 году пасаду прэзыдэнта Малдовы займае Ігар Дадон — прадстаўнік сацыялістаў, які сымпатызуе Маскве. Ён пасьлядоўна супраціўляецца інтэграцыі краіны ў эўрапейскія палітычныя і абаронныя структуры, у тым ліку NATO.