Каля сядзібы ўраду Ўкраіны затрымалі чалавека з прадметам, падобным на аўтамат Калашнікава

Каля Кабінэта міністраў затрыманы мужчына з прадметам, падобным на аўтамат Калашнікава, паведаміла паліцыя Кіева.

«Маладзён у амуніцыі і масцы на твары выйшаў з таксі каля Кабміна і рухаўся ў напрамку Вярхоўнай Рады Ўкраіны, дзе адбылася масавая акцыя. Яго затрымалі: падчас павярхоўнага агляду ў яго канфіскавалі прадмет, падобны на карабін, два кастэты, нажы і дымавую шашку», — інфармуюць паліцыянты.

Паводле паведамленьня, затрыманага павезьлі ў тэрытарыяльнае ўпраўленьне паліцыі, каб усталяваць «усе падрабязнасьці».

19 чэрвеня некалькі тысяч вэтэранаў вайны ў Аўганістане, ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, вэтэранаў АТА і шахцёраў праводзілі свае акцыі пад сьценамі парлямэнта.

Яны патрабавалі адмяніць манэтызацыю ільгот на праезд, павялічыць кампэнсацыю вэтэранам-інвалідам да 6-8 пражытачных мінімумаў, у адпаведнасьці з групай інваліднасьці, а таксама вылучыць больш 6 млрд грыўняў на разьвіцьцё вугальнай галіны.

Паміж пратэстоўцамі і праваахоўнікамі адбыліся сутычкі.