Злучаныя Штаты заявілі ў панядзелак, што калі Кітай выканае пагрозу ўвесьці мыты на амэрыканскія тавары, то дадатковыя мытныя зборы ў памеры 10 адсоткаў будуць накладзеныя на кітайскую прадукцыю агульным коштам у 200 мільярдаў даляраў.
«Будуць зробленыя новыя крокі з мэтай заахвоціць Кітай адступіць ад нядобрасумленнай гандлёвай практыкі, адкрыць свае рынкі амэрыканскім таварам і пагадзіцца на больш збалянсаваныя гандлёвыя стасункі з Амэрыкай», — заявіў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.
Асаблівую незадаволенасьць кіраўніка дзяржавы выклікае адмова кітайскіх уладаў абараняць амэрыканскую інтэлектуальную ўласнасьць. Міністэрства гандлю КНР хутка адгукнулася на словы Трампа, асудзіўшы яго за «вымагальніцкую тактыку» і прыстрашыўшы «жорстка адказаць на празьмерны ціск».
У мінулую пятніцу адміністрацыя Трампа паведаміла, што ўвядзе 25-адсоткавую пошліну на кітайскі экспарт на агульную суму 50 мільярдаў даляраў. Пэкін абвінаваціў Злучаныя Штаты ў «разьвязваньні гандлёвай вайны» і амаль адразу ўжыў ідэнтычны захад да амэрыканскіх тавараў, уключаючы збожжавыя, аўтамабілі і морапрадукты.
Амэрыканскія пошліны на 800 зь лішнім экспартных пазыцый КНР на агульную суму 34 мільярды ўступяць у сілу 6-га ліпеня. Пошліны яшчэ прыкладна на 300 пазыцый пакуль не прайшлі стадыю грамадзкага абмеркаваньня.
На вядучых сусьветных біржах у апошнія дні адбываецца падзеньне курсаў акцый ад боязі, што гандлёва-эканамічныя спрэчкі паміж ЗША і КНР прывядуць да збояў у міжнародных дыстрыбутарскіх ланцужках.