Міністар замежных спраў Украіны Павел Клімкін расказаў 12 чэрвеня пра аб’ём мэмарандуму, які Ўкраіна падае ў Міжнародны суд ААН супраць Расеі.
«Сёньня РФ атрымае ад нас своеасаблівы „падарунак“ у Міжнародны суд ААН. Ён важыць каля 90 кг, складаецца з 17500 старонак тэксту і ўтрымліваецца ў 29 тамах. Падаем наш мэмарандум па фінансаваньні тэрарызму і расавай дыскрымінацыі», — сказаў міністар.
Мэмарандум Украіны ў справе супраць Расеі ў Міжнародным судзе ААН «зьмяшчае надзвычайную, як для практыкі суду, колькасьць доказаў», паведаміў прэзыдэнт Украіны Пётар Парашэнка.
Ён нагадаў, што міжнародны суд ААН вызначыў дату 12 чэрвеня для падачы мэмарандуму па справе «Украіна супраць Расеі» аб парушэньні Міжнароднай канвэнцыі аб забароне фінансаваньня тэрарызму і Канвэнцыі ААН аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі.
«Гэта зроблена для таго, каб ні ў кога не засталося сумневаў, што Расея ўжыла супрацьпраўныя дзеяньні і павінна панесьці за гэта адказнасьць. Наперадзе яшчэ шмат працы па давядзеньні праўды, але праўда на нашым баку і таму мы будзем яе адстойваць і абараняць усімі належнымі сродкамі», — заявіў Парашэнка.
Пазоў Украіны падала 16 студзеня 2017 году, а першыя слуханьні ў Міжнародным судзе (Гаага, Нідэрлянды) — галоўным судовым органе ў сыстэме ААН — прайшлі 6-9 сакавіка.
19 красавіка Міжнародны суд задаволіў запыт Украіны аб увядзеньні часовых мер па Крыме (у прыватнасьці, Расея павінна адмяніць забарону Мэджлісу), але не задаволіў па Данбаса.
Пасьля расійскай анэксіі Крыму на Данбасе працягваецца ўзброены канфлікт, у выніку якога загінулі, паводле зьвестак ААН, амаль 10 000 чалавек. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў.
Крэмль абвяргае гэтыя абвінавачваньні і заяўляе, што на Данбасе могуць знаходзіцца хіба што расейскія «добраахвотнікі». Расея таксама кажа пра «законнасьць» захопу Крыму насуперак міжнароднаму праву як «аднаўленьне справядлівасьці».