Падчас сутычак на цэнтральным праспэкце Руставэлі, каля будынка грузінскага парлямэнту, паліцыя затрымала дзесяць паплечнікаў былога прэзыдэнта Міхэіла Саакашвілі па апазыцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух» (АНР), у тым ліку кіраўніка палітрады партыі, дэпутата парлямэнту Міканора Мэлія.
Сутыкненьні з паліцыяй адбыліся падчас акцыі пратэсту ў сувязі з забойствам 1 сьнежня мінулага году двух падлеткаў. Апазыцыя абвінавачвае ўлады ў няздольнасьці або нежаданьні расьсьледаваць гэтае злачынства.
На праспэкце Руставэлі, у цэнтры Тбілісі, на працягу ўсяго дня ў панядзелак адбываліся сутычкі паміж дэманстрантамі і паліцыяй. Раніцай паліцыя арыштавала аднаго з арганізатараў руху пратэсту з галоўным лёзунгам «Не забівайце мяне» Зьвіяда Куправу. Потым паліцыя прымусова перанесла намёты, дзе правялі ноч апазыцыянэры, з праезнай часткі праспэкту на ходнікі.
Пазьней стала вядома, што ўсім затрыманым сёньня ставіцца ў віну адміністрацыйнае правапарушэньне. Тым ня менш, мітынг на праспэкце Руставэлі працягваецца — грамадзкасьць і апазыцыйныя партыі патрабуюць ад улады расьсьледаваць справы аб забойстве двух падлеткаў летась.