Міністры «нармандзкага фармату» абмяркуюць увядзеньне міратворцаў на Данбас

Адна з папярэдніх сустрэч міністраў «нармандзкага фармату». Менск, 2016 год, архіўнае фота

Міністры замежных спраў Нямеччыны, Францыі, Расеі і Ўкраіны сустрэнуцца ў Бэрліне 11 чэрвеня, каб абмеркаваць канфлікт на Данбасе. Чакаецца, што адным з цэнтральных будзе пытаньне аб разгортваньні міратворчай місіі ААН.

Ўсе бакі перамоваў падтрымліваюць такую місію, але маюць розныя пазыцыі адносна яе мандату.

Украіна, Нямеччына і Францыя хочуць, каб войскі ААН былі разгорнутыя на ўсіх тэрыторыях, якія кантралююць баевікі пры падтрымцы з боку Расеі, у тым ліку на расейска-ўкраінскай мяжы. Масква выступае супраць гэтай ідэі.

З красавіка 2014 году на Данбасе загінулі больш за 10 300 чалавек.

6 чэрвеня Рада Бясьпекі ААН заклікала ўсе бакі канфлікту выканаць дамоўленасьці 2015 году і выказала «сур’ёзную занепакоенасьць» у сувязі з пагаршэньнем сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. Усе 15 чальцоў Рады Бясьпекі, уключаючы Расею, пагадзіліся на заяву, ухваленую па ініцыятыве Францыі і Нямеччыны. Гэта першая заява Рады Бясьпекі па Ўкраіне са студзеня 2017 году.

Паводле дадзеных Упраўленьня вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, колькасьць ахвяр сярод мірных жыхароў у выніку канфлікту перавысіла 2700 чалавек, яшчэ дзевяць тысяч атрымалі раненьні.

Паводле ацэнак, 1,6 мільёна чалавек сталі ўцекачамі ўнутры краіны, гэта самае масавае вымушанае перасяленьне ў Эўропе і адно сярод 10 найбуйнейшых у сьвеце.

Больш за паўмільёна мірных жыхароў жывуць у межах пяці кілямэтраў ад лініі кантакту працягласьцю 457 кілямэтраў. Гэтыя людзі пастаянна рызыкуюць трапіць пад абстрэлы.