Раманчук: Адкрыць рэстарацыю ў Курапатах — значыць падпісаць сабе прысуд аб банкруцтве

Спроба адкрыць рэстарацыю ў Курапатах — гэта як падпісаць сабе прысуд аб банкруцтве і разбурэньні дзелавой рэпутацыі. На сваёй старонцы ў фэсубку напісаў Яраслаў Раманчук. На яго думку, ва ўмовах капіталізму і дэмакратыі ніхто з банкіраў ня даў бы крэдытаў на будаўніцтва рэстарацыі і ніхто са страхавальнікаў ня стаў бы весьці з імі справу.

«Адкрыцьцё прыватнай рэстарацыі «Поедем поедим» на дзяржаўнай зямлі ва ўрочышчы Курапаты ў Менску — гэта ня проста скандал. Тым больш не звычайная спрэчка гаспадарчага суб’екту з групай аматараў гісторыі.

Адкрыцьцё рэстарацыі ў Курапатах — гэта амаральнасьць, бескультурʼе, цынізм і наплявацельскае стаўленьне да сваёй гісторыі. Такое магчыма толькі ў дзяржаве намэнклятурна-палітычнага дыктату, поўнае грэбаваньне інтарэсаў людзей, адкрытае «фе» партнэраў Вялікай дзяржавы па камэрцыйнай дзейнасьці ў дачыненьні да спажыўцоў.

«Поедем поедим» у Курапатах — гэта гідкае праява пагарды VIP-чыноўнікаў каштоўнасьцямі грамадзтва, памяць пра продкаў і выхаваньне моладзі. Такое магчыма толькі ў краіне, дзе мясцовая ўлада ніяк не залежыць ад меркаваньня жыхароў горада або рэгіёну.

Падача заяўкі камэрцыйнай арганізацыі на такое будаўніцтва выклікала б буру грамадзкага гневу і абурэньня

Калі б Беларусь была краінай палітычнай, грамадзянскай і эканамічнай свабоды, адкрытай канкурэнцыі і актыўнай грамадзянскай супольнасьці (гарант патрыятызму), дык ня тое, што будаўніцтва забаўляльнага комплексу ў Курапатах было б немагчыма. Нават падача заяўкі камэрцыйнай арганізацыі на такое будаўніцтва выклікала б буру грамадзкага гневу і абурэньня.

Супраць такой ініцыятывы хутка б кансалідаваліся ня толькі гістарычныя і культурныя арганізацыі і цэнтры. Супраць выступілі б арганізацыі па абароне правоў спажыўцоў, канкурэнты такога бессаромнага бізнэсоўцы. Яго рэпутацыі і брэнду быў бы нанесены сьмяротны ўдар.

Ва ўмовах капіталізму і дэмакратыі ТАА «Амізбел» і ўсе яго заснавальнікі сталі б банкрутамі. Такі нематэрыяльны актыў, як «нацыянальная памяць» даражэйшы ня толькі за заняпалы рэстаран, але і за любы іншы бізнэс. Такога роду дзялкам ніхто з банкіраў ня даў бы крэдытаў. Ніхто са страхавальнікаў ня стаў весьці з імі справу. Ва ўмовах свабоднай краіны спрабаваць адкрыць рэстарацыю ў Курапатах — гэта як падпісаць сабе прысуд аб банкруцтве і разбурэньні дзелавой рэпутацыі.

Менскія ўлады проста абавязаныя адклікаць усе рашэньні, якія выдалі на будаўніцтва «Поедем поедим»

У дадзенай сытуацыі менскія ўлады проста абавязаныя адклікаць усе рашэньні, якія выдалі на будаўніцтва «Поедем поедим». Генэральная пракуратура проста абавязаная разгледзець працэдуру выдачы дазволаў і асабліва пазыцыю Міністэрства культуры і Нацыянальнай акадэміі навук. Хай уладальнікі рэстарацыі ў судзе высьвятляюць, хто, каму і колькі павінен кампэнсаваць за гэты праект. Па факце будынак рэстарацыі і ўвесь забаўляльны комплекс павінны быць зьнесеныя. На ўзроўні кіраўніцтва краіны павінна быць створаная спэцыяльная камісія, якая распрацуе і прапануе на грамадзкае абмеркаваньне праект стварэньня нацыянальнага мэмарыялу «Курапаты».

Нізкі паклон усім тым людзям, хто сёньня стаіць на абароне нашай нацыянальнай памяці і гісторыі. Яны героі. Яны патрыёты. Яны беларусы, якія не прадаюцца. Яны кінулі выклік амаральнай сыстэме. Мы проста абавязаныя іх падтрымаць».