Паліцыя Ўкраіны ўзяла пад ахову 7 чалавек з «трывожнага сьпісу Бабчанкі»

Украінскія паліцэйскія, ілюстрацыйнае фота

Паліцыя Ўкраіны ўзяла пад ахову 7 з 47 чалавек са сьпісу патэнцыйных ахвяраў тэрарыстаў, які Служба бясьпекі атрымала ў выніку спэцапэрацыі з удзелам журналіста Аркадзя Бабчанкі.

Пра гэта журналістам паведаміў прэс-сакратар Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Яраслаў Тракала.

«У мэтах выкананьня сямі пастановаў сьледчых СБУ, якія афіцыйна паступілі ў Нацпаліцыю, Нацыянальная паліцыя ажыцьцяўляе фізычную ахову сямі чалавек, у дачыненьні да якіх могуць плянавацца тэрарыстычныя акты», — сказаў ён.

Іншая інфармацыя тычыцца асабістай бясьпекі грамадзянаў, таму зьяўляецца закрытай, падкрэсьліў Тракала.

Ён ня выключыў, што пералік асобаў пад аховай можа пашырыцца.

Як паведамлялася, Служба бясьпекі Ўкраіны правяла спэцапэрацыю, у ходзе якой імітавала забойства расейскага апазыцыйнага журналіста Аркадзя Бабчанкі.

Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў, што імітацыя забойства Аркадзя Бабчанкі дапамагла сьледзтву атрымаць сьпіс з 47 патэнцыйных ахвяраў.

Праз тое, што СМІ дасталі і апублікавалі гэты сьпіс, Служба бясьпекі Ўкраіны адкрыла крымінальную вытворчасьць.