Чытачка Ўпала: У культурным жыцьці вецер магутна дзьме аўтару ў сьпіну і аўтарцы ў твар

Анка Упала

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьніца і перакладчыца Анка Ўпала.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Разам з фінскай групай чытаю кнігу пра любоўны трохкутнік «Matti ja Tuija-Liisa» («Мацьці і Туія-Ліса») Ханэле Бранч. Гэта кніжка спэцыяльна напісаная для тых, хто вывучае фінскую як замежную, таму я спачатку скептычна да яе паставілася як да літаратурнага тэксту. Але ў працэсе ацаніла, як раскрытыя характары пэрсанажаў, як праўдападобна і з гумарам апісаныя стасункі. Да заняткаў мы чытаем па пары разьдзелаў. Мае аднагрупніцы эмацыйна рэагуюць на тэкст, а хтосьці нават дзеліцца прачытаным з калегамі, якія чакаюць новых порцый гісторыі. Ханэле Бранч, якая ня толькі выкладала фінскую ў Лёнданскім унівэрсытэце, але і перакладала літаратуру, несумненна мела літаратурны талент.

Тэмы, якія мяне цікавяць: літаратура, гендэр, грамадзтва, лінгвістыка ды інш.

Іншай кнігі непасрэдна зараз не чытаю. Маё паўсядзённае чытво — гэта лонг-рыды на тэмы, якія мяне цікавяць: літаратура, гендэр, грамадзтва, лінгвістыка ды інш. Я пазначаю іх закладкамі, а потым чытаю ў вольную хвіліну. З англамоўных больш за ўсё закладак з The New Yorker, некалькі расейскамоўных — з «Теории и практики», хоць, як на мяне, гэта неадназначны рэсурс з артыкуламі няроўнай якасьці. Са швэдзкага папяровага часопіса Vi Läser толькі вось прачытала гутарку з брытанскай пісьменьніцай Зэйды Сьміт пра яе сумневы ў сваім літаратурным майстэрстве. Яна не прымае за доказ сваю сусьветную вядомасьць і кажа, што ёсьць мноства прыкладаў таго, як кепскія пісьменьнікі рабіліся знакамітымі. Тым часам Зэйды Сьміт, бясспрэчна, адна з найлепшых у літаратуры нашага часу.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Акурат Зэйды Сьміт − раман «Белыя зубы», які яна напісала ў дваццацігадовым (!) узросьце. Гэтую кнігу я параіла б усім, хто хоча лепей разумець тое, пра што сёньня часта чытаем у зводках навін і чаго баімся, напрыклад, Мікалаю Пінігіну. Не як рэжысэру, але проста як чытачу.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Калі кнігу ці аўтара згадваюць аўтарытэтныя для мяне крыніцы.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

У кнізе-эсэ пра Афрыку «Чорнае дрэва» Рышард Капусьцінскі расказвае пра штосьці, што падаецца мне нейкім чарадзействам. У 50–60 гады ХХ стагодзьдзя гіганцкі кірмаш у Анічы, што ў Нігерыі, стварыў і разьвіў уласную літаратуру. Гэта як уявіць, быццам уласную літаратуру спарадзіў рынак у Ждановічах. Тузіны мясцовых выдавецтваў у Анічы мелі на кірмашы свае кнігарні і выдавалі творы дзясяткаў мясцовых аўтараў, «раманы, паэмы і скетчы, бульварныя камэдыі, народныя фарсы і вадэвілі (якія потым ставяць шматлікія тэатрыкі, што таксама дзейнічаюць на рынку)» (цытата паводле перакладу Яўгена Салейчука). Аўтары Анічы знаходзілі на кірмашы вялікую аўдыторыю і ладзілі там запатрабаваныя літаратурныя вечарыны.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

«Мелкий бес» Фёдара Салагуба. Праходзіла квэст на сайце «Горький», зацікавілася «недотыкомкой» і прачытала кнігу.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Сучасных розумам, тых, якім ня трэба тлумачыць базавыя рэчы пра правы чалавека, тых, зь якімі можна ўступіць у завочны дыялёг, які ўзбагачае. Я цаню мэдыйныя рэсурсы з тэкстамі такіх аўтарак і аўтараў. У асноўным яны замежныя.

У беларускай публічнай сфэры празьмерна шмат месца займае самазамілаванае, некрытычнае да сябе мужчынскае выказваньне

У беларускай публічнай сфэры празьмерна шмат месца займае самазамілаванае, некрытычнае да сябе мужчынскае выказваньне, якое абапіраецца на пакінутую папярэднікамі спадчыну. У культурным жыцьці вецер магутна дзьме аўтару ў сьпіну і аўтарцы ў твар. Пэўныя добрыя зрухі ёсьць, але мне, напрыклад, ужо не стае аптымізму, задушліва ў гэтай прасторы, я не знаходжу ў ёй сабе месца. Але хачу падзякаваць Валянціне Аксак, тонкай і глыбокай паэтцы, за тое, што запрасіла мяне нешта сказаць. Дзякуй Насьце Захарэвіч, якая не стамляецца камэнтаваць падзеі нашага жыцьця зь нязвыклай для большасьці оптыкай. Аляксандры Дынько − за выбітны прафэсіяналізм. Добра, што ў Беларусі зьявіўся рэсурс Makeout, які дапамагае фарматаваць погляд на чалавека і грамадзтва сёньня, у FB я таксама падпісаная на Гендэрны маршрут, там карысныя спасылкі расшарваюць.

Як я спрачалася з Артурам Конанам Дойлам

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Зараз перакладаю другую кнігу фінскага пісьменьніка Цімы Парвелы для малодшага школьнага ўзросту пра Элу і яе сяброў. І, гэтак жа, як і зь першай кнігай, часам самой сьмешна з гэтых гісторый.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Над драматычнай разьвязкай рамана «Half of a Yellow Sun» Чымаманды Нгозі Адычы. Кніга расказвае пра часы грамадзянскай вайны ў Нігерыі ў 1976–70 гг. Пачыналася кніга ў сэрыяльным духу, да таго ж расейскі пераклад, які я чытала («Половина желтого солнца»), мусіць, ня самы ўдалы. Але далей аповед набывае моц і зацягвае. Кніга асабліва цэнная праўдзівым апісаньнем побыту людзей розных сацыяльных слаёў тагачаснай Нігерыі, іх сьветапогляду. Каб напісаць пра ваенны канфлікт, які закрануў і яе сям’ю, Адычы праштудзіравала шмат літаратуры. Сьпіс пададзены ў канцы кнігі.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Дома ў мяне вісіць у рамцы падараваны мне постэр з Патрыкам Мадыяно. Я да яго прызвычаілася, ён амаль як сваяк. Але кнігу «La Petite Bijou», у расейскім перакладзе «Маленькое чудо», я знайшла манернай, яна не супала са мной тады, калі я яе чытала. Можа быць, трэба пачытаць зь яго нешта іншае, але пакуль ня хочацца.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Літаратурны эскапізм і забаўляльная сюжэтнасьць згубілі для мяне сваю прыцягальнасьць. Фантастыку і фэнтэзі, прыгодніцкую літаратуру прагна чытала ў юнацтве, а потым страціла да іх цікавасьць. Магчыма, кожнаму веку — сваё. Хоць не заракаюся ад таго, што нешта такое можа мяне прывабіць, калі гэтую форму прыме цікавае мне выказваньне. Напрыклад, фантастыка Роўлінг зусім не эскапісцкая. А шалёна папулярныя кнігі фэнтэзі беларускай пісьменьніцы, якая піша па-расейску, Вольгі Грамыкі, каштоўныя цэльнымі, мэтанакіраванымі і самастойнымі галоўнымі гераінямі.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Бяз розьніцы. Электронная кніга зручнейшая тым, што заўжды са мной, у тэлефоне. А папяровая — тым, што яе ня трэба падзараджаць.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Для папяровай літаратуры маю асобную шафу. У бацькоўскай кватэры шмат кніг. Напэўна, там знойдзецца і каштоўнае для мяне, але перабіраць гэтую бібліятэку і перавозіць нешта ў сваё здымнае жытло ня бачу сэнсу.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

«Купала і Колас, вы нас гадавалі». Дакумэнты і матэрыялы. У 2 кнігах. Кніга другая 1939–2009. Частка 1. / Уклад: В. Дз. Селяменеў, В. У. Скалабан.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Аўдыёдыск зь вершамі Тумаса Транстромэра, падараваны Монікай Транстромэр. І падпісаны аўтаркай асобнік рамана Софі Оксанэн «Norma» з пазнакамі і закладкамі, якія рабіла перакладчыца кнігі з фінскай на швэдзкую Яніна Арлоў, якая мне яго і падарыла.

Жанчына з барадой нам патрэбная, як паветра

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Думала сказаць, што ня маю такіх, але мо Сэвэрус Снэйп з кніг Роўлінг пра Гары Потэра.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

У старэйшых клясах я перастала чытаць

Калі навучылася чытаць, то толькі гэтым і займалася, за што мяне папікалі. Я пачала верыць у папрокі і думаць, што ў пастаянным чытаньні сапраўды ёсьць нешта няправільнае, што трэба «жыць сапраўдным жыцьцём». І ў пэўны момант у старэйшых клясах я перастала чытаць. Цяпер і блізка не чытаю так многа кніг, як у дзяцінстве. Любімых кніг было многа, большасьць па-расейску: пераклад са славацкай «Пиштачик путешествует» Душана Душака, «Детское время» Уладзімера Машкова, навукова-папулярная кніга пра мікраарганізмы «Мы их не видим» Міхаіла Івіна, казкі Джані Радары, «Необыкновенные приключения Арбузика и Бебешки» Эдуарда Скобелева, любіла прыгодніцкія кнігі, фанацела па кнігах пра індзейцаў.

Па-беларуску любіла ўсе дасяжныя кнігі Янкі Маўра.

У маіх успамінах пра маё дзіцячае чытаньне няма ані пісьменьніц, ані кніг пра дзяўчынак. Толькі ў дарослым узросьце я зразумела, чаму. І злуюся, калі дарослыя людзі, асабліва тыя, якія маюць магчымасьць на нешта ўплываць, дагэтуль прама ці ўскосна падтрымліваюць гэты лад.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

«Puhdistus» Софі Оксанэн. З фінскай на расейскую назва перакладзеная як «Очищение», беларускага перакладу пакуль няма. Гэта раман пра нацыянальны рух у Эстоніі, пра злачынствы савецкай улады, пра тое, як рэпрэсіўныя ідэалёгіі калечаць людзей фізычна і душэўна, як забіваюць. Наогул гэтую кнігу зрабіла б абавязковай для ўсіх былых савецкіх рэспублік, асабліва ў Расеі. Многімі ў Беларусі засвоены погляд на савецкую гісторыю з «рускага як свайго» пункту гледжаньня, некрытычнага ці крытычнага, але «рускага». А гэта погляд з боку іншых нацыянальных культур. Такога погляду бракуе.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Было б цікава пагаварыць пра іх досьвед у сваім часе з Астрыд Ліндгрэн, Алаізай Пашкевіч (Цёткай), Тоні Морысан.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Думаю, ніхто лепей за мяне гэтага не зробіць.

Што вы перачытваеце?

Нечакана для сябе перачытала «Капітанскую дачку» Пушкіна

Нечакана для сябе перачытала «Капітанскую дачку» Пушкіна ў перакладзе Кузьмы Чорнага на беларускую. Зірнула ў пачатак, мова мяне зацягнула − і я сама не заўважыла, як прачытала твор да самага канца. Разам з адным малодшаклясьнікам чытаем сэрыі Туве Янсан пра мумітроляў, якую ў студэнцтве чытала па-расейску. Зараз скончылі «Камэту над далінай мумітроляў» у беларускім перакладзе Насты Лабады і Алесі Башарымавай. Кніга, у якой адбілася трывожная атмасфэра другой сусьветнай вайны, гучыць актуальна. Казачныя ўцекачы ратуюць свае жыцьці, свае сем’і, бягуць ад бяды разам з усім скарбам, пакінуўшы свае дамы. Галоўныя героі барыкадуюцца ў пячоры, чакаючы агню з неба, знаходзяць на зямлі цяжкія чорныя мэтэарытныя аскепкі. Але ўсё-ткі пасьля катастрофы надыходзіць раніца.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

«The Color Purple» («Колер пурпурны») Эліс Уокер, «Things fall apart» («Рэчы распадаюцца») Чынуа Ачэбе, «Памяти памяти» Марыі Сьцяпанавай.

Закладніцы мовы, альбо Васіль Быкаў як беларуска