Прадалі ўсю беларускую паэзію: посьпех беларускіх кніг на кіеўскім «Кніжным арсэнале»

Тры незалежныя беларускія выдавецтвы — «Галіяфы», «Янушкевіч» і «Arche» — упершыню прадставілі сваю прадукцыю на адной з найбуйнейшых ва Ўкраіне кніжных выстаў — кіеўскім «Кніжным арсэнале». Наколькі вынікі парадавалі выдаўцоў, распавядае ўкраінскае выданьне Gazeta.ua.

«Не чакалі такой цікавасьці з боку ўкраінскіх чытачоў, — распавядае дырэктар менскага выдавецтва „Галіяфы“ Зьміцер Вішнёў. — Паэзію прадалі ўсю. Хаця многія пакупнікі чыталі на беларускай упершыню, гартаючы кнігі ў нас на стэндзе».

Паводле Вішнева, асноўнай мэтай іх прыезду было заключыць дамовы з украінскімі выдаўцамі аб аўтарскіх правах. Напрыклад, выдавецтва хоча друкаваць у Беларусі прозу Сяргея Жадана. Ды і ўкраінская выдаўцы цікавяцца беларускімі аўтарамі.

«На „Форуме выдаўцоў“ ў Львове мінулага году выдавецтва „Срэбная папараць“ набыло ў нас права на пераклад дзіцячай кнігі „Сем ружаў“ Надзеі Ясьмінскай і эратычна-містычнага дэтэктыву на фоне беларускай правінцыі „Ноч дракона“ Валерыя Гапеева», — сказаў Вішнёў.

Зьміцер Вішнёў гаворыць, што ўкраінцы найчасьцей просяць гістарычную літаратуру і называе гіты продажаў беларускіх выдавецтваў на «Кніжным Арсэнале»:

«Праз кнігу „Вяртаньне нацыяналіста“ дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука КДБ закрыла нашу кнігарню. Аўтар дасьледуе гісторыю ХХ стагодзьдзя. Успамінае рэпрэсіі супраць нацыянальнай эліты 1930-х. Аб пэрыядзе навучаньня ў Менску Лі Гарві Освальда — забойцы прэзыдэнта ЗША Джона Кэнэдзі. Сувязь амэрыканца з савецкімі спэцслужбамі. Закранае і рэжым Аляксандра Лукашэнкі».

Беларускі стэнд

100 грыўняў каштуе спэцвыпуск часопіса «Arche», прысьвечаны Бітве пад Воршай.

«У сучасных расейскіх падручніках бітву ўспамінаюць толькі як няважную падзею. Пра гэту гістарычную дату ў Беларусі грамадзкасць даведалася толькі ў 1990-х. Хоць яшчэ ў 1920 гадах ўплывовы гісторык таго часу Мітрафан Доўнар-Запольскі пісаў, што гэта — „пачатак барацьбы з Масквой“. І гэты вораг нікуды ня зьнік», — дадае прадстаўнік выдавецтва Сяргей Бахун.

Выдавецтва «Янушкевіч» на выставу прывезла дасьледаваньне прафэсара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксандра Гужалоўскага «Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі 1917-1929 гг.»

«Кніга пра тое, як савецкая ўлада паспрабавала выкарыстоўваць наймацнейшы чалавечы інстынкт і што з гэтага выйшла, — распавядае Гужалоўскі. — Царкоўнае вянчаньне страціла юрыдычную сілу, максымальна спрасьцілася працэдура разводу. Бальшавікі падтрымлівалі ідэі марксізму аб тым, што сям’я — гэта адна з найважнейшых перашкод на шляху будаўніцтва камунізму. І яны мэтанакіравана пачалі змагацца зь ёй».

Кіяўлянка Людміла набыла кнігу пра ВКЛ

Выстава «Кніжны арсэнал» праводзіцца ва Ўкраіне штогод і лічыцца ці не галоўнай пляцоўкай для інтэлектуалаў.

Беларускія выдаўцы прывезьлі на «Кніжны арсэнал» больш за 300 найменьняў. Каля стэнду зь беларускімі кнігамі заўсёды былі наведнікі — як выпадковыя, гэтак і тыя, што прыйшлі адмыслова.

Што беларускія выдаўцы прывезьлі на буйную кніжную выставу ў Кіеў

Сёлета на выставу прыехалі каля 200 украінскіх пісьменьнікаў і 100 гасьцей з 31 краіны сьвету. Тут адбываюцца прэзэнтацыі, мастацкія выставы і дыскусіі. Наведваць выставу стала ўжо і пэўным рытуалам для ўкраінскіх палітыкаў.

Беларускай кнігай на выставе зацікавіўся і кіраўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзімер Вятровіч. Ён паабяцаў абавязкова падтрымаць беларускіх выдаўцоў і аўтараў.

Уладзімер Вятровіч каля стэнду зь беларускай кнігай