ЗША выступілі з заявай з нагоды 29-й гадавіны трагедыі ў Пэкіне

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо

Кіраўнік Дзярждэпартамэнту заклікаў улады Кітаю абнародаваць зьвесткі аб ахвярах падзеяў 4 чэрвеня 1989 году.

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо выступіў з заявай з нагоды 29-й гадавіны гвалтоўнага задушэньня мірнай дэманстрацыі на плошчы Т’яньаньмэнь у Пэкіне, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Мы памятаем пра трагічную гібель ні ў чым не вінаватых людзей», — падкрэсьліў кіраўнік Дзярждэпартамэнту.

«Як Лю Сяобо напісаў у 2010 годзе ў сваёй нобэлеўскай прамове... „прывіды чацьвёртага чэрвеня яшчэ не знайшлі спакою“», — канстатаваў Пампэо.

«Мы далучаемся да міжнароднай супольнасьці, заклікаючы кітайскі ўрад правесьці поўны і публічны падлік тых, хто быў забіты, затрыманы або прапаў бязь вестак, вызваліць тых, хто знаходзіцца пад вартай за захаваньне памяці аб плошчы Т’яньаньмэнь, і пакласьці канец перасьледу ўдзельнікаў дэманстрацыі і іх сем’яў», — гаворыцца ў заяве дзяржсакратара ЗША.

«Злучаныя Штаты разглядаюць абарону правоў чалавека як фундамэнтальны абавязак усіх краін, і мы заклікаем кітайскі ўрад паважаць унівэрсальныя правы і фундамэнтальныя свабоды ўсіх грамадзян», — падкрэсьліваецца ў дакумэнце.

Зь 15 красавіка па 4 чэрвеня 1989 году на плошчы Т’яньаньмэнь у Пэкіне прайшла сэрыя акцый пратэсту. Галоўнымі ўдзельнікамі акцыяў былі студэнты, якія патрабавалі ад уладаў адказу: чаму абяцаныя палітычныя рэформы адстаюць ад эканамічных. Да студэнтаў далучаліся таксама рабочыя, службоўцы, бізнэсоўцы і нават паліцыянты. Інтэлектуалы лічылі, што ўрад загразнуў у карупцыі і кіруе краінай таталітарнымі мэтадамі, працоўныя лічылі, што рэформы ў Кітаі зайшлі занадта далёка і высокая інфляцыя і беспрацоўе пагражае ім і іх сем’ям.

Пратэстоўцы разьбілі на плошчы намётавы лягер. Бывалі дні, калі на плошчы зьбіралася да мільёна чалавек. Пад уплывам падзей у Пэкіне пачаліся дэманстрацыі ў іншых гарадах і, перш за ўсё, у Шанхаі.

Пасьля няўдалай спробы выцесьніць людзей з плошчы Т’яньаньмэнь 30 траўня ў ноч з 3 на 4 чэрвеня ў Пэкін увайшлі вайсковыя падразьдзяленьні з танкамі. Дэманстранты закідвалі танкі камянямі і бутэлькамі з запальнай сумесьсю. Войскі ўжылі сьлёзацечны газ і зброю.

У выніку сутыкненьняў у цэнтры Пэкіну загінулі як мірныя жыхары, так і вайскоўцы. Пра канкрэтную колькасьць ахвяраў дагэтуль ідуць спрэчкі: кітайскі ўрад абвясьціў пра 241 ахвяру, але сьпіс загінулых апублікаваны ня быў. Ацэнкі колькасьці загінулых сярод мірных жыхароў адрозьніваюцца ад 400-800 чалавек да 3000 чалавек. Колькасьць параненых, як правіла, ацэньваецца ад 7 да 10 тысяч.

Пасьля падаўленьня акцый урад правёў маштабную сэрыю арыштаў сярод прыхільнікаў пратэстаў, наклаў забарону на распаўсюд замежнай прэсы і паставіў пад свой строгі кантроль асьвятленьне падзей у кітайскіх СМІ. Падаўленьне дэманстрацый выклікала хвалю міжнароднага асуджэньня ўраду КНР, сьледзтвам чаго сталі розныя санкцыі і іншыя меры ў дачыненьні да Кітая.