Ва Ўкраіне для атрыманьня грамадзянства ўводзяць экзамэн па ўкраінскай мове

Ва Ўкраіне ўвядуць сэртыфікацыйны экзамэн па ўкраінскай мове для асобаў, якія падаюць запыт на атрыманьне ўкраінскага грамадзянства. Пра гэта гаворыцца ва ўказе прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі аб мерах па ўмацаваньні дзяржаўнага статусу ўкраінскай мовы.

Прэзыдэнт абавязвае ўрад распрацаваць у двухмесячны тэрмін з улікам прапановаў экспэртнай групы і зацьвердзіць дзяржаўную мэтавую праграму на 2018-2028 гады па функцыянаваньню ўкраінскай мовы як дзяржаўнай ва ўсіх сфэрах жыцьця. Гэтая праграма павінна прадугледжваць увядзеньне адпаведнага іспыту.

Згодна з указам, дзесяцігадовая дзяржаўная праграма будзе прадугледжваць таксама:

  • умацаваньне дзяржаўнага статусу ўкраінскай мовы, распрацоўкі дзейсных мэханізмаў яго абароны і разьвіцьця
  • гарантыю захаваньня службовымі асобамі органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіраваньня патрабаваньняў закону аб абавязковым выкарыстаньні дзяржаўнай мовы пры выкананьні сваіх службовых абавязкаў, недапушчэньне яе дыскрымінацыі
  • разьвіцьцё нацыянальнай базы словаў і забесьпячэньне свабоднага доступу да яе карыстальнікаў
  • паляпшэньне якасьці выкладаньня дзяржаўнай мовы ў навучальных установах, садзейнічаньне вывучэньню ўкраінскай мовы замежнікамі, распрацоўцы дыстанцыйных і онлайн-курсаў па вывучэньні ўкраінскай мовы
  • забесьпячэньне падтрымкі і папулярызацыі ўкраінскай мовы за мяжой
  • падтрымку інавацыяў, новых ведаў і разьвіцьця сучасных культурных індустрыяў, паляпшэньня якасьці ўкраінскага культурнага прадукту на тэлебачаньні, радыё, у кіно і відэасетках, забесьпячэньне доступу гледачоў да лепшых твораў эўрапейскай і сусьветнай кінэматаграфіі, у прыватнасьці, стымуляваньне дубляваньня на ўкраінскую мову твораў клясыкі сусьветнага кінэматографу.