На Данбасе з пачатку году загінулі 107 мірных жыхароў, — АБСЭ

Ілюстрацыйнае фота. Назіральнікі ад АБСЭ і расейскія і ўкраінскія прадстаўнікі ў Аб'яднаным цэнтры па кантролі і каардынацыі пытаньняў аб спыненьні агню на Данбасе

З пачатку 2018 году на Данбасе назіральнікі спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ зафіксавалі больш як 100 тысяч парушэньняў рэжыму спыненьня агню і 107 сьмерцяў мірных жыхароў, паведаміў кіраўнік місіі ва Ўкраіне Эртурул Апакан, паведамляе агенцтва Interfax-Украіна.

«Са студзеня бягучага году спэцыяльная маніторынгавая місія АБСЭ зафіксавала больш як 100 тысяч парушэньняў спыненьня агню пасьля нядоўгай паўзы ў баявых дзеяньнях, пасьля чаго яны аднавіліся», — сказаў ён на спэцыяльным пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН 29 траўня.

Апакан праінфармаваў, што ў сераду, 30 траўня, у Менску пройдзе чарговае пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы, у прыватнасьці падгрупы па бясьпецы.

Спэцыяльная маніторынгавая місія АБСЭ фіксуе абстрэлы аб’ектаў грамадзянскай інфраструктуры і гібель мірных жыхароў.

«З пачатку году місія пацьвердзіла гібель 107 мірных жыхароў, большасьць зь іх загінулі ў выніку артабстрэлу альбо падарваліся на мінах ці самаробных выбуховых прыладах. Большасьць выпадкаў адбыліся ў красавіку-траўні», — праінфармаваў Апакан.

Узброены канфлікт на Данбасе працягваецца з 2014 году пасьля расейскай анэксіі Крыму. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў. Крэмль абвяргае гэтыя абвінавачваньні і заяўляе, што на Данбасе могуць быць толькі расейскія «добраахвотнікі». Паводле дадзеных ААН, за час канфлікту загінулі больш за 10 тысяч чалавек.

Перамовы Трохбаковай кантактнай групы для ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе рэгулярна праходзяць у Менску.