Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін і лідэр КНДР Кім Чэн Ын сустрэліся ў памежнай зоне для абмеркаваньня саміту Паўночнай Карэі і ЗША. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на адміністрацыю паўднёвакарэйскага прэзыдэнта.
Паводле дадзеных агенцтва, перамовы лідэраў дзьвюх краін доўжыліся дзьве гадзіны. Мяркуецца, што прэзыдэнт Паўднёвай Карэі абвесьціць аб выніках сустрэчы з паўночнакарэйскім лідэрам у нядзелю.
Сустрэча Трампа і Кім Чэн Ына была заплянаваная 12 чэрвеня ў Сынгапуры. 24 траўня кіраўнік Белага дому заявіў, што яна не адбудзецца. Прычынай такога рашэньня сталі нядаўнія недружалюбныя заявы з боку Паўночнай Карэі. У Дзярждэпартамэнце ЗША таксама адзначылі, што ў апошнія дні Вашынгтон не атрымліваў адказу Пхэньяну на свае неаднаразовыя запыты аб падрыхтоўцы сустрэчы.
Паўночная Карэя выказала заклапочанасьць аднабаковай адменай перамоваў. У КНДР заявілі, што, нягледзячы на рашэньне Дональда Трампа, гатовыя працягваць дыялёг.
Учора прэзыдэнт ЗША абвясьціў аб перазапуску дыялёгу з Пхэньянам і заявіў, што перамовы, прызначаныя на 12 чэрвеня, усё яшчэ могуць адбыцца.
Сёньня Белы дом заявіў, што ягоная каманда выправіцца ў Сынгапур, як было заплянавана, каб пачаць падрыхтоўку да саміту. Паводле прэс-службы Белага Дому, у Сынгапур выпраўляюцца каля 30 чыноўнікаў.