Галава замежнай дзяржавы ўпершыню наведала зону канфлікту на Данбасе

Прэзыдэнт Эстоніі Керсьці Кальюлайд стала першым кіраўніком замежнай дзяржавы, які наведаў Данбас і лінію разьмежаваньня, паведамляе прэс-служба штаба Апэрацыі аб’яднаных сілаў.

Па дадзеных штаба, камандуючы абʼяднаных сіл генэрал-лейтэнант Сяргей Наеў праінфармаваў Керсьці Кальюлайд аб бягучай сытуацыі ў Данецкай і Луганскай абласьцях.

Ён адзначыў, што прарасейскія баявікі рэгулярна абстрэльваюць мірныя населеныя пункты, груба парушаючы нормы міжнароднага гуманітарнага права.

Са свайго боку Керсьці Кальюлайд выказала падтрымку ўкраінскім вайскоўцам у іх барацьбе за незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць краіны. Кальюлайд таксама азнаёмілася з працай прапускнога пункту і пагутарыла з людзьмі, якія яго перасякаюць.

Узброены канфлікт у Данбасе працягваецца ад 2014 год пасьля расейскай анэксіі Крыма. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў. Крэмль абвяргае гэтыя абвінавачваньні і заяўляе, што ў Данбасе могуць быць толькі расейскія «добраахвотнікі». Па дадзеных ААН, за час канфлікту загінулі больш за 10 000 чалавек.