Менскія айцішнікі ствараюць «рэвалюцыйную» плятформу для навуковай супольнасьці

Калі б Альбэрт Эйнштэйн быў зарэгістраваны на плятформе DEIP, ён мог бы добра зарабіць на адкрыцьці тэорыі адноснасьці. Так лічаць у камандзе менскіх вэб-распрацоўшчыкаў. Яны стварылі плятформу для навуковай супольнасьці, якая дазваляе імгненна публікаваць свае працы ў адкрытым доступе і зарабляць грошы ў залежнасьці ад важнасьці дасьледаваньня.

«Хацелася стварыць нешта карыснае»

«Я проста бачу, што гэта трэба, — кажа пра свой праект Аляксей Шкор. — У доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта дасьць грамадзтву найбольшы імпульс».

За свае 28 год Аляксей пасьпеў вырасьці з шараговага праграміста да тэхнічнага дырэктара ў Paralect — кампаніі ў 100 чалавек, якая займалася стартапамі. Потым ён запусьціў спартовы праект Scorum, пра які пісалі ў амэрыканскіх мэдыях. З 2015 году ён пераключыўся на блокчэйн. Але яго цікавіць ня толькі магчымасьць зарабіць на крыптавалюце. Аляксей хоча стварыць «карысны» прадукт.

Аляксей Шкор

«Захацелася зрабіць не чарговы праект, які адбірае час у карыстальніка, а штосьці карыснае для грамадзтва. Каб у гэтага была адназначная карысьць», — кажа Аляксей.

Сэнс новага праекту DEIP — стварыць глябальную онлайн-плятформу, дзе навукоўцы без пасярэднікаў могуць публікаваць свае працы, ацэньваць іншых і пры гэтым хутка атрымліваць фінансаваньне на свае будучыя праекты і ўзнагароду за папярэднія.

Аснова праекту ў тым, што ён ствараецца на сыстэме блокчэйн. Як тлумачыла Свабода, блокчэйн — гэта база дадзеных, якая складаецца з блёкаў транзакцый і захоўваецца адначасова на кампутарах па ўсім сьвеце, злучаных праз інтэрнэт.

Сёньня блокчэйн выкарыстоўваецца галоўным чынам для крыптавалютаў. Але патэнцыял выкарыстаньня блокчэйну неабмежаваны: ад рэестраў уласьнікаў нерухомасьці да арганізацыі выбараў.

«Большасьць блокчэйн-праектаў ня маюць сувязі з рэальным сьветам, — кажа Аляксей. — Магчыма, DEIP будзе першым, які зробіць social impact на глябальным узроўні».

Навукоўцы плацяць за доступ да сваіх жа дасьледаваньняў

У офісе DEIP. Юры Бокач і Маша Багуцкая

У чым увогуле праблема? Як тлумачыць Аляксей Шкор, у сьвеце на навуку выдзяляюцца вялікія грошы, але ўсё адно фінансаваньне атрымлівае пятая частка ад усіх запытаў. Прычым часта перавагу маюць навуковыя праекты, якія абслугоўваюць інтарэсы буйных кампаній. А фундамэнтальныя навуковыя дасьледаваньні застаюцца па-за ўвагай. І тыя, хто хоча інвэставаць у «чыстую» навуку, вымушаныя спачатку зарабіць капітал у іншай галіне.

«Гэта няправільна. Чалавек мог бы займацца навукай адпачатку, а ня траціць час на тое, каб зарабіць грошы на навуку», — кажа Аляксей.

Ці вось як выглядае лёс навуковай публікацыі ў большасьці выпадкаў. Дзяржава выдзяляе зь бюджэту грошы на навуковае дасьледаваньне. Потым дасьледаваньне публікуецца ў навуковым часопісе, наклад якога звычайна абмежаваны, а доступ да публікацыі платны. Нават для саміх навукоўцаў — і для ўнівэрсытэцкіх і навуковых бібліятэк, і на онлайн-сэрвісах. А прыбытак дастаецца пасярэднікам. Самі навукоўцы ў абсалютнай большасьці не атрымліваюць грошай за распаўсюд сваіх публікацый.

«Мэта навуковых часопісаў — прыбытак, хоць дзеля мэтаў навукі ён павінен максымальна распаўсюджваць веды. А так веды застаюцца ў абмежаваным доступе», — кажа Аляксей.

Яшчэ адна праблема ў тым, што навукоўцы па ўсім сьвеце часта робяць дасьледаваньні, якія якія ўжо зрабілі іхнія калегі ў іншых унівэрсытэтах і краінах.

«Такім чынам стрымліваецца разьвіцьцё фундамэнтальнай навукі, якая робіцца дзеля новых адкрыцьцяў, каб спазнаць Сусьвет, нас саміх», — лічыць Аляксей.

Як DEIP выратуе навуку

Дапусьцім, што сыстэма выглядае ня вельмі справядлівай. Але ці можна нейкім чынам зьмяніць гэты мэханізм? І то ў маштабах не адной краіны ці рэгіёну, а сусьветнай навуковай супольнасьці.

Аўтары DEIP вераць, што самі навукоўцы здольныя стварыць асяродзьдзе, у якім льга будзе і знаходзіць грошы на дасьледаваньні, і мець доступ да ўсіх навуковых прац у сьвеце, а потым яшчэ і зарабляць на апублікаваных уласных працах. Ацэньваць важнасьць і каштоўнасьць працы будуць самі ж навукоўцы, а не асобныя дзяржаўныя ўстановы ці прыватныя кампаніі.

Фізычна плятформа DEIP уяўляе сабой вэбсайт — вялікі архіў з навуковымі публікацыямі. Але ў яго аснове — блокчэйн-тэхналёгія. Гэта значыць, што сыстэма ня мае аднаго адміністратара, які мог бы ўносіць зьмены бяз згоды іншых. Пры блокчэйне кожны крок любога ўдзельніка плятформы фіксуецца, а таму DEIP выключае, напрыклад, плягіят. Калі нехта сьцьвярджае пра сваё аўтарства ідэі, заўжды можна пабачыць, ці не загружаў хто іншы падобную працу раней.

«Блокчэйн не дазваляе зьмяняць дадзеныя, — кажа Аляксей. — Заўжды можна даказаць, што ты першы напісаў».

DEIP выключае плягіят. Калі нехта сьцьвярджае пра сваё аўтарства ідэі, заўжды можна пабачыць, ці не загружаў хто іншы падобную працу раней

DEIP задумваецца ня толькі як бібліятэка зь няспынным абнаўленьнем, але як усясьветная супольнасьць навукоўцаў безь бюракратычных пасярэднікаў. Навукоўцаў заахвочваюць ня толькі публікаваць там свае працы, але і ацэньваць працы калегаў. Сёньня ўнёсак навукоўца, якасьць і каштоўнасьць ягонай працы ацэньваюць цэнтралізаваныя ўстановы, кажа Аляксей.

«Я думаю, — працягвае ён, — многія навукоўцы самі хочуць ацэньваць працы, каб дапамагчы астатнім, каб навука далей працавала. І каб заслужаныя праекты атрымлівалі вартую ацэнку. У такой дэцэнтралізаванай сыстэме, як DEIP, няма бар’ераў для тых, хто хоча ацэньваць. Толькі стымулы».

Чым большы ўнёсак робіць навуковец, тым больш ён зарабляе

Стымулы, пра якія кажа Аляксей, — гэта ўнутраная крыптавалюта, якую ствараюць адмыслова для DEIP. Кожны ўдзельнік супольнасьці зможа атрымліваць токены (крыптагрошы) у залежнасьці ад унёску. Загрузіў старую працу — атрымаў адну колькасьць токенаў, калі працытавалі тваю працу — яшчэ токен, напісаў рэцэнзію — ізноў атрымаў токены.

Кошт крыптавалюты на другасным рынку будзе залежаць ад таго, наколькі ўплывовай будзе пляцоўка DEIP.

Нават адкрыўшы тэорыю адноснасьці, навуковец атрымлівае нерэлевантную свайму адкрыцьцю ўзнагароду. Мы хочам гэта зьмяніць

«Для нас важна стварыць каштоўнасьць для ўнутранай крыптавалюты, каб навукоўцы маглі потым памяняць яе на клясычныя грошы», — кажа Аляксей.

Пэўную частку токенаў каманда DEIP пакідае сабе. Гэта адзінае, з чаго яны будуць мець прыбытак.

«У дэцэнтралізаваных мадэлях, як DEIP, каманда пасьля запуску ўжо не кіруе праектам. За ўсё адказвае супольнасьць», — кажа Аляксей.

Калі такая сыстэма будзе працаваць, то навуковец, які зрабіў важнае адкрыцьцё ў навуцы, атрымае адпаведную фінансавую ўзнагароду.

«Нават адкрыўшы тэорыю адноснасьці, навуковец атрымлівае нерэлевантную свайму адкрыцьцю ўзнагароду. Мы хочам гэта зьмяніць», — кажа Аляксей.

Юры Бокач

Гэта нагадвае камуністычны прынцып «ад кожнага па здольнасьцях, кожнаму па патрэбах». Але Аляксей называе такую сыстэму эвалюцыяй капіталізму.

«Тут людзі маюць эканамічны стымул, і няма цэнтралізаванага рэгулятара, як пры камунізьме. Ёсьць улада супольнасьці, і яе нельга захапіць».

Інтэрнэт напачатку таксама быў незразумелы

Але гэта пра далёкія пляны. А што з бліжэйшымі? Плятформу DEIP маюць запусьціць да пачатку 2019 году. Да гэтага часу да праекту маюць падключыцца прынамсі па дзясятку навукоўцаў з кожнай галіны ведаў. Праект ужо мае каля 20 дарадцаў-навукоўцаў. Каб сыстэма пачала паўнавартасна працаваць, у ёй павінна быць сама менш тысяча ўдзельнікаў.

Каманда праекту ўжо тэстуе DEIP з дапамогай навукоўцаў з розных краінаў. Прафэсар Хуліё дэ Кастра (Julio O. de Castro) зь бізнэс-школы прыватнага ўнівэрсытэту IE у Мадрыдзе (IE University) падзяляе ідэі беларускіх распрацоўшчыкаў. Па яго словах, у навуковым асяродзьдзі шмат хто сапраўды незадаволены тым, якую вагу надае навуковым дасьледаваньням грамадзтва.

«DEIP бярэцца за вельмі цікавую праблему, — сказаў дэ Кастра Свабодзе. — І яны прапануюць цікавае рашэньне для яе».

у навуковым асяродзьдзі шмат хто сапраўды незадаволены тым, якую вагу надае навуковым дасьледаваньням грамадзтва

Ці не адпудзіць людзей складанасьць гэтай сыстэмы? На думку гішпанскага прафэсара, тэхналёгія блокчэйн сёньня ўспрымаецца прыкладна гэтак жа, як інтэрнэт на мяжы 1990-х — 2000-х гадоў.

«Многія кампаніі шукалі магчымае прымяненьне інтэрнэту, хоць відавочных рашэньняў ніхто ня бачыў. Цяпер усе мы ведаем, які вялікі патэнцыял мае інтэрнэт. Але пакуль мы прыходзілі да гэтага, многія кампаніі, якія спрабавалі знайсьці прымяненьне інтэрнэту, зьніклі», — кажа дэ Кастра.

«Калі ня мы, нехта іншы зробіць падобнае»

Аляксей Шкор, Юры Бокач (у цэнтры) і Арцём Русецкі (справа)

Распрацоўкай DEIP займаецца 15 чалавек. Пакуль цалкам беларуская каманда сама фінансуе праект. Зараз DEIP знаходзіцца на стадыі закрытага перадпродажу ўнутранай крыптавалюты, за кошт чаго і будзе адбывацца інвэставаньне.

DEIP арыентаваны адразу на сусьветную навуковую супольнасьць, да тэставаньня сыстэмы прыцягваюць і беларускіх навукоўцаў. Марк Зільбэрглейт зь Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту бачыць каштоўнасьць дэцэнтралізаваных сыстэмаў, як DEIP, у хуткім абмене інфармацыяй. Тут ня варта чакаць выхаду публікацыі ў навуковым зборніку праз паўгода ці больш.

«Праект мне спадабаўся, — сказаў Зільбэрглейт Свабодзе. — І пры гэтым ідэя некамэрцыйная».

Адной з галоўных рызыкаў Зільбэрглейт называе незразумеласьць блокчэйн-тэхналёгій для большасьці людзей.

«Можа, і ня выйдзе нічога з гэтага, — кажа Зільбэрглейт. — Як быў 30–40 год таму крык пра вадародную энэргетыку, якая вырашыць усе нашы праблемы. І дзе яна цяпер? Гэта ўсё навука. Прадказаць тут немагчыма. Трэба спрабаваць».

У той жа час маладыя навукоўцы ня ставяцца падазрона да дэцэнтралізаваных сыстэмаў у навуцы. Арцём Русецкі — адзін з сузаснавальнікаў DEIP. Яму 28 год, нядаўна ён абараніў кандыдацкую працу на мэханіка-матэматычным факультэце ў БДУ. Ён працуе ў ІТ, а з наступнага году будзе яшчэ і выкладаць ва ўнівэрсытэце.

«Мы часта чуем ад навукоўцаў, якім расказваем пра нашу працу, што рашэньне кшталту DEIP можа палепшыць сытуацыю ў навуцы», — кажа Арцём.

«Я ўпэўнены, — кажа Аляксей, — што гэта будзе зроблена ў любым выпадку. Калі ня мы, нехта іншы зробіць падобнае. Бо шмат людзей хочуць займацца навукай, але мусяць зарабляць у іншых сфэрах».