Курапаты: 31 акцыя за 31 год

Курапаты 19 чэрвеня 1988 году. Фота з архіву Сяргея Абламейкі. Першы мітынг у Курапатах пасьля публікацыі артыкулу Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва ў ЛіМе. 

У ліпені 1988 году ў Курапатах праводзіліся раскопкі і эксгумацыі ямаў-магілаў.

30 кастрычніка 1988 году непадалёк ад Курапатаў адбыўся мітынг-рэквіем памяці ахвяраў сталінізму, які быў гвалтоўна разагнаны камуністычнымі ўладамі. Разгон мітынгу меў вялікі грамадзкі розгалас ня толькі ўласна ў БССР, але і ў СССР, балюча ўдарыў па аўтарытэце беларускіх уладаў, адначасова пацьвердзіў імідж Савецкай Беларусі як адной з самых кансэрватыўных рэспублік, па словах вядомага пісьменьніка Алеся Адамовіча, Вандэі перабудовы.

У 1989 годзе падчас шэсьця і жалобнага мітынгу ў Курапатах з нагоды Дня памяці продкаў быў усталяваны Крыж пакутаў, які асьвяцілі сьвятары чатырох асноўных канфэсій – праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай і ўніяцкай. 

Падчас кароткага візыту ў Беларусь 15 студзеня 1994 году прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан наведаў урочышча Курапаты, месца згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, дзе дагэтуль ня быў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Ва ўрочышчы Клінтана сустракаў адкрывальнік Курапатаў, лідэр Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня Зянон Пазьняк. Тады быў усталяваны мэмарыяльны знак «Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці», які пазьней сталі называць «Лавай Клінтана».   

Дзяды ў Курапатах у 2000 годзе. Фота Юрыя Дзядзінкіна.  

Увосень 2001 году ва ўрочышчы Курапаты паўстала ўнікальная вахта памяці. Моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Кругласутачная вахта памяці доўжылася 250 дзён. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты». 

У 2003 годзе ў Курапатах на Дзяды была ўсталяваная каплічка з рэпрадукцыяй абраза «Маці Божай Курапацкай усіх бязьвінна расстраляных» мастака Аляксея Марачкіна. 

Помнік габрэям і іншых ахвярам сталінскага тэрору, быў усталяваны ў Курапатах у 2004 годзе. На помніку напіс: «Нашым адзінаверцам юдзеям, братам па Кнізе хрысьціянам і мусульманам — ахвярам сталінізму ад беларускіх габрэяў». Помнік выраблены з каменя, зь якога быў створаны помнік Сталіну, дэмантаваны ў Менску на пачатку 60-ых.

7 кастрычніка 2007 году невядомыя вандалы зламалі Крыж Пакутаў, галоўны курапацкі крыж, які людзі на руках прынесьлі ў Курапаты ў 1989 годзе. 24 кастрычніка 2007 году прадстаўнікі  КХП БНФ Алесь Чахольскі, Сяргей Папкоў, Юрась Беленькі, Валер Буйвал і Ўладзімер Юхо ўсталявалі адрэстаўраваны, адноўлены крыж. Крыж быў адноўлены, дзякуючы намаганьням Алеся Чахольскага.

Дзяды ў 2007 годзе. 

Штогод у Курапатах актывісты КХП БНФ і іншых рухаў і партый усталёўваюць новыя крыжы. Ад пачатку 2000-х ва ўрочышчы паўсталі тысячы крыжоў – Народны мэмарыял. Крыжы вырабляюцца на сродкі, якія ахвяруюць людзі. Ад 2017 году драўляныя крыжы, якія акружаюць урочышча, сталі паступова замяняць на мэталічныя крыжы.  На фота  – талака ў Курапатах у сакавіку 2008 году. 

Лістапад 2009 году. Амбасадары краінаў Эўразьвязу наведалі Курапаты. 

Адноўлены мэмарыяльны знак «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці», альбо гэтак званая Лава Клінтана, 31 кастрычніка 2007 году быў нанава ўсталяваны ў Курапатах. Яго адрэстаўраваў скульптар Алесь Шатэрнік. Усталёўваць мэмарыяльны знак яму дапамагалі апазыцыйныя актывітсты Алесь Чахольскі, Міхась Сазон і Алег Радзюк.  Пасьля ўсталяваньня мэмарыяльнага знаку ў студзені 1994 году прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам, ён 12 разоў быў апаганены вандаламі. Аднак праваахоўныя органы ні разу не знайшлі і не пакаралі злачынцаў.

На Дзяды ў 2008 годзе ва ўрочышча Курапаты людзі ішлі дзьвюма калёнамі і там жа правялі два асобныя мітынгі. Адзін – арганізаваны Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыяй БНФ ад гадзіньнікавага заводу, і другі ад Усходніх могілак, арганізаваны Партыяй БНФ з удзелам Маладога фронту, Моладзі БНФ. 

Польскія байкеры ў межах мотапрабегу па месцах, дзе нявінна загінулі палякі ў Літве, Беларусі, Украіне й Расеі, у верасьні 2010 году наведалі Курапаты. 

Дзяды ў Курапатах у 2013 годзе. 

Пасол Ватыкану ў Менску Клаўдыё Гуджэроці наведаў Курапаты ў лістападзе 2012 году.

Жнівень 2013 году. Некалькі дзесяцігодзьдзяў у Курапатах актывісты розных партый і рухаў рэгулярна праводзяць талокі дзеля ўпарадкаваньня ўрочышча.

Дзяды ў Курапатах у 2015 годзе. 

Будоўля забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» за 50 мэтраў ад Курапатаў пачалася ў 2012 годзе. Грамадзкасьць адразу зьвярнула ўвагу на тое, што пляцоўка, дзе яго пачалі ўзводзіць, уваходзіць у ахоўную зону ўрочышча Курапаты. Пасьля зваротаў грамадзкасьці дзяржаўныя ўстановы выявілі парушэньні пры будаўніцтве і прынялі рашэньне яго спыніць. Пратэсты супраць будоўлі «Бульбаш-холу» ачолілі грамадзкая ініцыятыва «За ўратаваньне Курапатаў» і «Хрысьціянская злучнасьць Курапаты». Іх актывісты зьвярталіся ў суды, хадзілі ў Міністэрства культуры, ладзілі талокі ва ўрочышчы. На фота публічная дыскусія пра будаўніцтва «Бульбаш-хола» ў 2014 годзе. Выступае Вацлаў Нямковіч, старшыня  «Хрысьціянскай злучнасьці Курапаты». 

Крыж у памяць дзеяча БНР, акадэміка, гісторыка, мовазнаўцы й публіцыста Вацлава Ластоўскага, быў усталяваны ў Курапатах у 2016 годзе.

29 лютага 2016 году.  Рух салідарнасьці «Разам» са студзеня 2007 году штомесяц 29-га чысла ладзіць акцыі па ўшанаваньні ахвяраў камуністычнага тэрору ва ўрочышчы Курапаты.

9 красавіка 2016 году Курапаты наведала Анна-Марыя Андэрс, упаўнаважаная па пытаньнях міжнароднага дыялёгу канцылярыі старшыні Рады Міністраў Рэспублікі Польшча. Анна Марыя Андэрс — дачка генэрала Польскай Арміі Ўладзіслава Андэрса, які ўдзельнічаў у верасьнёвай кампаніі 1939 году, а раней камандаваў Наваградзкай кавалерыйскай брыгадай і гарнізонам у Баранавічах. Пасьля ўводу савецкіх войскаў на тэрыторыю Польшчы 17 верасьня 1939 году генэрал Андэрс быў арыштаваны, 22 месяцы прабыў у турмах НКВД у Львове й Маскве. Анна Марыя Андэрс усклала кветкі да магілаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах

Адкрыцьцё выставы «Праўда пра Курапаты» ​ў Палацы мастацтваў у Менску ў лютым 2017 году.  

 

.

З 20 лютага па 6 сакавіка 2017 году зь ініцыятывы лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча праходзіла кругласутачная акцыя ў абарону Курапатаў на знак пратэсту супраць высечкі дрэваў і пачатку будаўніцтва офіснага цэнтру за некалькі дзясяткаў мэтраў ад Курапатаў. У выніку акцыі пратэсту будаўніцтва было спыненае.

29 кастрычніка 1937 году адбыўся самы чорны дзень у гісторыі беларускай літаратуры. За адну ноч з 29-га на 30-га карнікі НКВД расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі і дзяржаўнага апарату. У ноч з 29 па 30 кастрычніка 2017 году дзясяткі беларусаў чыталі ў Курпатах вершы рэпрасаваных у сталінскія часы паэтаў.

Традыцыйнае шэсьце, арганізаванае КХП БНФ з нагоды дня памяці продкаў «Дзяды», прайшло ў Менску 5 лістапада 2017 году. Акцыя была дазволеная Менгарвыканкамам, абышлася без затрыманьняў і амаль без здарэньняў, завяршылася мітынгам у Курапатах.

У 2018 годзе ў Курапатах прайшлі чытаньні «Ноч расстраляных паэтаў» памяці забітых у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году. ​Каля 100 чалавек сабраліся на акцыю «Ноч расстраляных паэтаў» увечары 29 кастрычніка ў Курапатах — месцы масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Малітва ў Курапатах. Рэгулярная акцыя пасьля таго, як ўлады дэмантавалі і вывезьлі дзясяткі крыжоў з урочышча. 

Больш за год працягваецца грамадзкая акцыя пратэсту супраць рэстарану «Поедем Поедим» ля Курапатаў. Актывісты штодня пікетуюць рэстарацыю і тлумачаць наведнікам, што такое Курапаты і чаму нельга забаўляльным установам знаходзіцца ў непасрэднай блізкасьці да месца расстрэлаў.