У Македоніі заявілі пра кампраміс з Грэцыяй наконт назвы краіны

Пагадненьне аб новай назьве былой югаслаўскай рэспублікі Македоніі дасягнутае з урадам Грэцыі. З такім сьцьвярджэньнем выступіў прэм’ер-міністар Македоніі Зоран Заеў.

Паводле яго слоў, назва Рэспубліка Іліндэнская Македонія стала кампрамісам паміж Скопʼе і Атэнамі і будзе вынесена на адабрэньне рэфэрэндумам грамадзянамі Македоніі.

Іліндэн («Ільін дзень») — дзень ушанаваньня прарока Ільлі, на які прыйшліся дзьве важныя падзеі гісторыі Македоніі XX стагодзьдзя. 2 жніўня 1903 года македонскія славяне паднялі паўстаньне супраць Асманскай імпэрыі, а ў 1944 годзе на сэсіі Антыфашысцкага савета нацыянальнага вызваленьня было абвешчана стварэньне рэспублікі Македонія ў складзе фэдэратыўнай Югаславіі.

Прэмʼер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас не пракамэнтаваў заяву Заева аб пагадненьні, дасягнутым у дачыненьні да назвы, але сказаў, што абедзьве краіны падышлі «бліжэй, чым калі-небудзь раней» да вырашэньня.

Міністарка замежных справаў Балгарыі Кацярына Захарыева 18 траўня пацьвердзіла Радыё Свабода, што абодва бакі абмеркавалі назву Рэспублікі Іліндэнскай Македоніі падчас саміту ЭЗ-Заходнія Балканы ў Сафіі.