Авіякатастрофа на Кубе: што вядома раніцай 19 траўня

Ратавальнікі працуюць на месцы авіякатастрофы на Кубе 18 траўня 2018 году

Пасажырскі самалёт пацярпеў крушэньне на Кубе. На борце былі 104 пасажыры і шэсьць членаў экіпажу.

Сваякі пасажыраў, якія загінулі ў авіякатастрофе 18 траўня на Кубе

​Прычына авіякатастрофы пакуль невядомая, кубінскія ўлады абвясьцілі аб пачатку расьсьледаваньня. Афіцыйных дадзеных аб ахвярах і пацярпелых пакуль няма, аднак СМІ сьцьвярджаюць, што як мінімум тры чалавекі выжылі, яны знаходзяцца ў крытычным стане.

Ратавальнікі працуюць на месцы, дзе ўпаў пасажырскі самалёт

Кубінскія ўлады абвясьцілі нацыянальную жалобу ў сувязі з авіякатастрофай.

Самалёт «Боінг-737» дзяржаўнай кубінскай авіякампаніі Cubana de Aviacion, які вылецеў з аэрапорта Гаваны, упаў неўзабаве пасьля ўзьлёту. Ён накіроўваўся ў горад Альгін на ўсходзе выспы. Мясцовае радыё паведаміла ў «Твітэры», што самалёт упаў на дарозе, у 20 кілямэтрах на поўдзень ад сталіцы.

Людзі глядзяць на дым, які ідзе зь месца катастрофы

Сярод пасажыраў былі ў асноўным кубінцы, толькі пяцёра былі замежнымі грамадзянамі, паведаміў дзяржаўны партал Cubadebate.

«Адбылася авіякатастрофа. Навіна не абнадзейвае, па ўсёй бачнасьці, там вялікая колькасьць ахвяр», — напісаў у «Твітэры» кіраўнік Кубы Мігель Дыяс-Канэль, які прыбыў на месца здарэньня.

Ратавальнікі на месцы катасрофы

Самалёт належаў мэксыканскай кампаніі Aerolineas Damoj, а ў кубінскай Cubana de Aviacion быў у арэндзе, гаворыцца ў заяве мэксыканскага ўрада.

Кубінцы глядзяць навіну пра крушэньне самалёта 18 траўня 2018 году

Самалёт быў пабудаваны ў 1979 годзе, на борце было шэсьць мэксыканскіх членаў экіпажа, уключаючы камандзіра і другога пілёта. Кампанія Boeing ужо заявіла, што гатовая паслаць каманду адмыслоўцаў у дапамогу кубінскім уладам.

Аляксандар Лукашэнка накіраваў кубінскаму лідэру спачуваньне ў сувязі са здарэньнем.

_____

Як паведамляе ВВС, мінулы год быў названы самым бяспечным у гісторыі камэрцыйных перавозак, па выніках дасьледаваньня Aviation Safety Network, — не было зафіксавана ніводнага крушэньня пасажырскага самалёта. Аднак у гэтым годзе было ўжо некалькі сур’ёзных авіяцыйных здарэньняў. У мінулым месяцы ў Альжыры вайсковы самалёт разьбіўся неўзабаве пасьля ўзьлёту, ахвярамі сталі 257 чалавек.