Фонд Сораса абвясьціў аб пераезьдзе з Будапэшту ў Бэрлін

Джордж Сорас

Фонд амэрыканскага філянтропа Джорджа Сораса «Адкрытае грамадзтва» афіцыйна аб'явіў аб пераезьдзе з Будапэшту ў Бэрлін. Прычынай пераезду названая «усё больш рэпрэсіўная палітычная і юрыдычная атмасфэра» ў Вугоршчыне – пасьля чарговай перамогі на выбарах партыі прэмʼер-міністра Віктара Орбана, які зьяўляецца жорсткім апанэнтам Сораса і крытыкам ягоных структур.

Аб пераезьдзе «Адкрытага грамадзтва» было абвешчана на наступны дзень пасьля таго, як улады Вугоршчыны пацьвердзілі пляны прыняць закон, накіраваны на абмежаваньне дзейнасьці няўрадавых арганізацый. У краіне яго называюць законам «Стоп Сорас». Орбан неаднаразова абвінавачваў ураджэнца Вугоршчыны Сораса ва ўмяшаньні ў вугорскую палітыку, фінансаваньні лібэральнай апазыцыі і дапамогі мігрантам.

«Урад Вугоршчыны распаўсюджвае няслушныя зьвесткі аб нашай працы і падвяргае рэпрэсіям грамадзянскую супольнасьць дзеля палітычных выгод», – гаворыцца ў заяве «Адкрытага грамадзтва». Аб плянах фонду Сораса пераехаць у Бэрлін паведамлялася яшчэ ў красавіку. Тады прадстаўнік фонду заявіў, што далейшы лёс яго штаб-кватэры будзе залежаць ад дзеяньняў вугорскіх уладаў.

Па выніках нядаўніх выбараў партыя Орбана «Фідэс» забясьпечыла сабе канстытуцыйную большасьць у парлямэнце. Уступаючы на пасаду прэмʼера, Орбан заявіў, што «эпоха лібэральнай дэмакратыі» у Вугоршчыне падышла да канца і дзяржава будзе будавацца на прынцыпах «хрысьціянскай дэмакратыі XXI стагодзьдзя». Апанэнты Орбана, у тым ліку Сорас, неаднаразова абвінавачвалі вугорскага прэмʼера ў ганеньнях на незалежныя СМІ, няўрадавыя арганізацыі і распальваньні нянавісьці да мігрантаў.