У Іраку арыштаваныя пяцёра сябраў кіраўніцтва джыхадысцкай групоўкі «Ісламская дзяржава».
У апэрацыі ўдзельнічалі і сілы міжнароднай кааліцыі пад кіраўніцтвам ЗША, якія змагаюцца супраць «ІД» на тэрыторыі Сірыі. Прадстаўнік кааліцыі назваў арышты «адчувальным ударам» па джыхадыстам. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у твітэры напісаў, што гаворка ідзе пра «пяцёрку самых расшукваных лідэраў» экстрэмістаў.
Вядома, аднак, што сярод арыштаваных няма лідэра «Ісламскай дзяржавы» Абубакра аль-Багдадзі, месцазнаходжаньне якога невядомае. Расейскія вайскоўцы заяўлялі пра тое, што аль-Багдадзі, магчыма, быў забіты, аднак ніякіх пацьверджаньняў не прадставілі.
Практычна ўся тэрыторыя Ірака ў мінулым годзе была вызвалена ад атрадаў «ІД». У Сірыі джыхадысты таксама выбітыя з буйных населеных пунктаў, аднак яшчэ кантралююць тэрыторыі ў пустыні непадалёк ад мяжы зь Іракам.