Група Bellingcat паведаміла пра датычнасьць расейскіх афіцэраў да абстрэлу Марыюпалю

Ілюстрацыйнае фота. Супрацоўнікі АБСЭ на месцы абстрэлу аднаго з жылых раёнаў Марыўпалю. 2015 год

Незалежная група Bellingcat апублікавала поўны варыянт расьсьледаваньня пра датычнасьць расейскіх вайскоўцаў да ракетнага абстрэлу ўкраінскага гораду Марыюпалю ў студзені 2015 году. Ахвярамі абстрэлу з сыстэм залпавага агню тады, паводле ўкраінскіх сьледчых, стаў 31 чалавек, 117 былі параненыя. Снарады трапілі ў жылыя кварталы гораду.

Як высьветлілі сьледчыя, абстрэл вёўся з ракетных установак «Град» і «Ўраган». Напярэдадні абстрэлу іх даставілі з тэрыторыі Расеі. Bellingcat са спасылкай на перахопленыя тэлефонныя размовы сьцьвярджае, што дзеяньнямі артылерыі кіравалі высокапастаўленыя расейскія афіцэры. Некаторых зь іх удалося ідэнтыфікаваць, сьцьвярджаюць аўтары расьсьледаваньня.

Сьцьвярджаецца, што агонь па жылых кварталах быў адкрыты праз памылку. Аднак абстрэл не сталі перарываць з прычыны ціску вайскоўцаў з Масквы. Сьледчыя адзначаюць, што агонь усё ж быў спынены, але ненадоўга і толькі для таго, каб схаваць ракетныя ўстаноўкі ад назіральнікаў місіі АБСЭ, якія прыбылі на месца падзей.

Раней паведамлялася, што Служба бясьпекі Ўкраіны мае намер да сярэдзіны чэрвеня перадаць частку сабраных пра падзеі ў Марыюпалі 2015 году матэрыялаў у Міжнародны суд ААН у рамках пазову Ўкраіны аб парушэньні Расеяй міжнародных канвэнцый. У рамках расьсьледаваньня гэтай справы падазраванымі сталі 11 асобаў: 4 грамадзян Украіны, а таксама 7 кадравых вайскоўцаў Расеі.

Камэнтароў ад расейскіх уладаў і вайскоўцаў атрымаць пакуль не ўдалося.

Bellingcat — незалежная група, заснаваная брытанскім журналістам і блогерам Эліотам Хігінсам, якая расьсьледуе бягучыя падзеі, выкарыстоўваючы мэтад OSINT: аналіз інфармацыі з адкрытых крыніц, такіх як відэа, мапы і фатаздымкі.