Пераможнae выцьцё «Начных ваўкоў». Байкеры Пуціна зноў злуюць Эўропу

«Начныя ваўкі» ў Празе на Альшанскіх могілках. 7 траўня 2018 году

Удзельнікі расейскага пракрамлёўскага байкерскага клюбу «Начныя ваўкі» 9 траўня плянуюць скончыць у сталіцы Нямеччыны свой мотапрабег па краінах ЭЗ пад назвай «Дарогі перамогі — на Бэрлін». Як і падчас папярэдніх паездак па Эўропе ў пачатку траўня кожнага году, яны сьцьвярджаюць, што так шануюць памяць загінулых у Вялікай айчыннай вайне. І як і ў мінулыя гады, іх чакае вельмі халодны прыём — занадта моцна дзеяньні, заявы і зьнешні выгляд «начных ваўкоў» разыходзяцца з заяўленымі мэтамі.

9 траўня «начныя ваўкі» едуць у Бэрлін, іх мэта — Трэптаў-парк, дзе разьмешчаны савецкі ваенны мэмарыял і пахаваныя больш за 7 тысяч савецкіх салдатаў.

У 2015 годзе кіраўнік клюбу «Начныя ваўкі» Аляксандр Залдастанаў па мянушцы Хірург, запрошаны на інаўгурацыю Уладзіміра Пуціна 7 траўня, у Крамлі, горача падтрымаў анэксію Крыму і дзеяньні прарасейскіх сэпаратыстаў у Данбасе. У студзені 2015 году ён стаў адным з заснавальнікаў агрэсіўнага пракрамлёўскага руху «Антимайдан». ЗША, Канада і многія дзяржавы Эўразьвязу ўнесьлі яго ў санкцыйны сьпіс асобаў, «датычных да дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне і анэксіі Крыму».

Як і ў часе іх леташніх акцый, да канца незразумела, хто насамрэч езьдзіць цяпер па краінах Цэнтральнай і Усходняй Эўропы пад выглядам «начных ваўкоў». У іх калёну з прыкладна 50 чалавек уваходзяць ня толькі байкеры з Расеі, але і ўдзельнікі прыязных ім матаклюбаў з Аўстрыі, Славаччыны, Польшчы, Чэхіі, Нямеччыны і Швэйцарыі. Некаторыя зь іх захавалі расейскія пашпарты, іншыя маюць грамадзянства эўрапейскіх дзяржаваў. Шматлікіх «начных ваўкоў», якія адправіліся ў Эўропу з Расеі, у канцы красавіка не прапусьціла ў зону шэнгенскай дамовы памежная варта Польшчы, па падазрэньні ў дачыненьні да экстрэмісцкай арганізацыі і зь меркаваньняў бясьпекі.

«Начныя ваўкі» на Альшанскіх могілках Прагі. 7 траўня 2018 году

Улады і грамадзкасьць эўрапейскіх дзяржаваў па-ранейшаму лічаць мотапрабег «начных ваўкоў» сымбалем і інструмэнтам афіцыйнай прапаганды Масквы. У Чэхіі ўдзельнікаў гэтага клюбу, які лічыцца міжнародным, сёлета афіцыйна асудзілі ўлады, МЗС і МУС, якія назвалі «начных ваўкоў» крымінальнай арганізацыяй, вядомай як скандаламі, так і блізкасьцю да Крамля. Менавіта ў Празе сёлета, у раёне Опатаў і на Альшанскіх могілках, дзе пракрамлёўскія байкеры хацелі наведаць магілы савецкіх вайскоўцаў, супраць прыезду «начных ваўкоў» 7 траўня прайшла найбольш прыкметная і шматлікая акцыя пратэсту.

Праціўнікі візыту «начных ваўкоў», якіх аб’яднала грамадзкая арганізацыя Pulse of Europe, зладзілі паралельны зь іх калёнай уласны аўтапрабег і маніфэстацыю, прынёсшы з сабой сьцягі ЭЗ, Чэхіі, Украіны і розныя транспаранты, якія асуджаюць палітыку Расеі і яе прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Зь іншага боку ім супрацьстаялі і чэскія прыхільнікі акцыі клюбу «Начныя ваўкі», у тым ліку палітыкі — напрыклад, намесьнік старшыні Чэскай сацыял-дэмакратычнай партыі (ČSSD) Яраслаў Фолдына, які зьявіўся ў байкерскай скураной куртцы з георгіеўскай стужачкай, і былы дэпутат чэскага парлямэнту ад камуністычнай партыі Марта Сэмэлава.

Аляксандар Залдастанаў «Хірург» у Маскве сымбалічна пачынае чарговы «пераможны» мотапрабег. 28 красавіка 2018 году

Жыхар Чэхіі Антон Літвін, дырэктар фэстывалю актуальнай расейскай культуры Kulturus і арганізатар інфармацыйнай «Школы культурнай моладзі», ужо каторы год запар удзельнічае ў пратэстах супраць візыту ў Чэхію байкераў з клюбу «Начныя ваўкі», якіх ён называе мілітарысцкай хуліганамі з савецкай сымболікай, якія дэманструюць не павагу да загінулых у Другой сусьветнай вайне, а імпэрскасьць і агрэсіўнасьць сёньняшняй расейскай улады:

— Вы ня першы раз арганізоўваеце або проста прысутнічаеце на пратэстах у Чэхіі супраць візыту ў Эўропу «начных ваўкоў». І ўсе гэтыя акцыі праходзяць па-рознаму. Чым акцыя 7 траўня 2018 году адрозьніваецца ад папярэдніх?

— Сёлета мы паспрабавалі атрымаць урокі зь леташняй няўдачы, калі, дзякуючы магістрату і паліцыі, «начным ваўкам», забаранілі праяжджаць па цэнтры Прагі і Вацлаўскай плошчы, але яны ўсё роўна праехалі па вызначаных маршрутах: на Альшанскія могілкі, у амбасаду і так далей. У 2017 годзе мы, пешыя актывісты, былі пазбаўленыя мабільнасьці і, адпаведна, нідзе не змаглі іх ні сустрэць, ні выказаць тое, што хацелі б. Таму сёлета было вырашана, у створанай у сацсетках групе чэскіх актывістаў (я хачу падкрэсьліць, што касьцяк пратэсту складаюць менавіта чэскія грамадзяне, а ня тыя расейцы, што жывуць тут) арганізаваць пратэстную аўтакалёну. І сустракаць «начных ваўкоў» пад Прагай, ва ўмоўленым месцы, і далей суправаджаць на хуткасьці на машынах, каб ужо яны ад нас не высьлізнулі...

Працяг інтэрвію чытаць тут.