Кангрэс ЗША прапанаваў санкцыі супраць пастаўшчыкоў ВПК Расеі

Ілюстрацыйнае фота. На выставе расейскіх узбраеньняў. 2016 год

Кангрэс ЗША прапанаваў увесьці санкцыі ў дачыненьні пастаўшчыкоў расейскага вайскова-прамысловага комплексу (ВПК). З такой ініцыятывай выступіў камітэт Палаты прадстаўнікоў у справах узбраеньняў, на сайце якога апублікаваны законапраект аб абаронным бюджэце ЗША на 2019 год.

Аўтары законапраекту прапаноўваюць надаць прэзыдэнту ЗША паўнамоцтвы ва ўвядзеньні санкцый у дачыненьні асобаў, якія аказваюць падтрымку абароннай прамысловасьці Расеі. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра ланцужок паставак ВПК, зьвязаных з распрацоўкай або вытворчасьцю асноўнага вайсковага абсталяваньня і высокатэхналягічнага ўзбраеньня. Пад такой зброяй кангрэсмэны разумеюць, у прыватнасьці, зьнішчальнікі, крылатыя ракеты, сыстэмы ПРА С-300 і С-400, а таксама вайсковыя спадарожнікі. Асаблівыя санкцыі могуць быць уведзеныя ў дачыненьні «краінаў-спонсараў тэрарызму, якія купляюць падобную зброю ў Расеі».

Стваральнікі законапраекту прапаноўваюць папраўкі ў прыняты летась закон «Аб супрацьдзеяньні сапернікам Амэрыкі праз санкцый». Гэты дакумэнт дае прэзыдэнту ЗША магчымасьць адкладаць на 180 дзён увядзеньне санкцый да кліентаў расейскага ВПК, калі асобы, якія закупляюць у Расеі ўзбраеньне, пацьвердзяць сваю дзейнасьць у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі ЗША.

Прапанаваныя папраўкі таксама абмяжоўваюць магчымасьці ўладаў ЗША траціць бюджэтныя грошы на дзеяньні ў рамках Дамовы аб адкрытым небе. Гэтае пагадненьне дазваляе вайсковым самалётам Расеі і ЗША пралятаць над тэрыторыяй адзін аднаго з назіральнымі місіямі. Абмежаваньні фінансаваньня ў гэтай сфэры неабходна ўвесьці ў адказ на парушэньне Расеяй умоў дагавора, лічаць аўтары законапраекту.